Прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ і Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, 29 студзеня 2021
Пра гэта заявіў у інтэрвію DW намесьнік міністра замежных справаў Літвы Мантас Адаменас.
«Я думаю, у кіраўніцтве Беларусі добра разумеюць: любы запыт аб выдачы Святланы Ціханоўскай будзе дзеяньнем чыста рытуальным. Літва не выдае людзей, якія зазнаюць палітычны перасьлед. У Менску выдатна ведаюць, які адказ мы ім дамо» — сказаў намесьнік кіраўніка літоўскага МЗС.
2 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што абвясьціў Сьвятлану Ціханоўскую ў вышук і што дакумэнты на яе экстрадыцыю перададзеныя ў Генэральную пракуратуру.
У лютым беларускія ўлады спрабавалі пераканаць Латвію выдаць ім іншага былога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду — Валера Цапкалу. Але калі Цапкалу выстаўляюцца абвінавачваньні ў карупцыі і хабарніцтве, то Ціханоўскай прыпісваюць падрыхтоўку беспарадкаў і захопу ўрадавых будынкаў.
Ціханоўская праз сваю прэсавую сакратарку Ганну Красуліну абвінавачаньні адпрэчыла. «Як паказваюць больш 200 дзён беларускага пратэсту, Сьвятлана Ціханоўская і яе каманда падтрымлівалі толькі мірныя мэтады», — паведаміла Красуліна.
На пытаньне аб тым, ці не можа адмова выдаць Ціханоўскую яшчэ больш ўскладніць адносіны Вільні і Менску, намесьнік кіраўніка МЗС Літвы Мантас Адаменас адказаў:
«Наш амбасадар адкліканы для кансультацыяў яшчэ ў кастрычніку летась. Цяпер Літву ў Беларусі прадстаўляе часовы павераны. Зрабіць афіцыйныя стасункі яшчэ горшымі наўрад ці магчыма».
Падчас падзеяў мінулага году ў Беларусі Літва дала прыстанішча сотням беларускіх палітычных уцекачоў, у тым ліку і Сьвятлане Ціханоўскай.
«Любы літоўскі ўрад, які пагадзіўся б выдаць хоць бы аднаго палітычнага ўцекача менскаму рэжыму, не пратрымаўся б і дня», — лічыць дэпутат сэйму Літвы Эмануэліс Зінгэрыс.