Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве абароны Беларусі заявілі пра «дадатковыя крокі ў нацыянальнай бясьпецы» ў выпадку «эскаляцыі напружанасьці»


Сумесныя беларуска-расейска-сэрбскія вучэньні, архіўнае фота

У ведамстве назвалі «палітызаванай рэакцыяй» непрызнаньне выбараў у Беларусі.

Начальнік Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва генэрал-маёр Алег Воінаў давёў да замежных вайсковых аташэ пазыцыю Міністэрства абароны Беларусі, паведаміла прэс-служба ведамства.

На яго думку, летась уплыў на стан міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва зрабілі пандэмія і «непаважлівае стаўленьне шэрагу дзяржаў да волевыяўленьня беларускага народу».

«Рэакцыя на выбары прэзыдэнта была палітызаваная і не накіраваная на разьвіцьцё добрасуседзкіх зносін. Сукупнасьць вонкавых і ўнутраных пагроз бясьпецы запатрабавала пераацэнкі вайскова-палітычнага становішча».

У выпадку працягу краінамі Захаду «палітыкі эскаляцыі напружанасьці» Рэспубліка Беларусь пакідае за сабой права распачаць у 2021 годзе «шэраг дадатковых крокаў у галіне нацыянальнай бясьпекі».

Працягнецца ў 2021 годзе і вайсковае супрацоўніцтва ў рамках апэратыўна-стратэгічнага вышкалу АДКБ «Баявое братэрства – 2021». У Расеі пройдуць вучэньні «Непарушнае братэрства», а ў Таджыкістане адразу трое вучэньняў: «Узаемадзеяньне», «Пошук» і «Эшалён».

Менскай асацыяцыі вайсковых аташэ была выказана падзяка за дапамогу, аказаную беларускім Узброеным сілам у барацьбе з COVID-19. Пэрсанальныя падзякі беларускі бок перадаў прадстаўнікам Кітаю, Азэрбайджану, Вялікай Брытаніі і ЗША. Пры гэтым на брыфінгу зазначылі, што пандэмія не аказала «кардынальнага ўплыву» на Ўзброеныя сілы краіны.

На ўтрыманьне Узброеных сілаў у 2021 годзе прадугледжана выдзяленьне 1,03% ад ВУП.

Міжнародная супольнасьць не прызнала выбараў прэзыдэнта Беларусі ў 2020 годзе, назваўшы іх сфальшаванымі. Шэраг чыноўнікаў і бізнэсоўцаў з пулу Лукашэнкі трапілі ў санкцыйныя сьпісы, якія працягваюць пашырацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG