Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паміраць за Расею» могуць зрабіць абавязкам


Расейскія салдаты ў Чачні, лістапад 1995
Расейскія салдаты ў Чачні, лістапад 1995

На арганізаваным уладамі «ўсенародным сходзе» міністар замежных справаў прапанаваў адмовіцца ад канстытуцыйнага палажэньня аб нэўтралітэце, а празь некалькі хвілінаў намесьнік начальніка Генштабу прапанаваў замацаваць у Канстытуцыі ўваходжаньне краіны ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД.

Абрэвіятура «СНД» не павінна ўводзіць у зман: краіны, якія падпісалі гэтую дамову (так званае АДКБ), у вайсковай сфэры ня могуць зрабіць ніводнага кроку, які б супярэчыў інтарэсам Міністэрства абароны РФ і расейскага Генштабу.

Гэтыя намеры творча разьвіваюць выказаную Лукашэнкам гатоўнасьць «паміраць за Расею».

Тых, хто цікавіцца тэмай уцягваньня Беларусі ў вайсковую арбіту Масквы, адашлю да сваёй кнігі «Дзевяноста трэці». Цяпер толькі нагадаю, што імкненьне да нэўтралітэту на патрабаваньне дэпутатаў БНФ было запісана ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце (артыкул 10) у ліпені 1990 году, пацьверджана канстытуцыйным актам 25 жніўня 1991 году і Канстытуцыяй у 1994-м.

За некалькі месяцаў да прыняцьця Канстытуцыі Вярхоўны Савет (між іншым, з ініцыятывы дэпутата Лукашэнкі) большасьцю галасоў вырашыў далучыцца да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД — нягледзячы на супраціў БНФ і незалежніцкай часткі грамадзтва. Фактычна гэта супярэчыла прынцыпу нэўтралітэту, бо нэўтралітэт — гэта неўваходжаньне ў вайсковыя блёкі.

Тым ня менш імкненьне да нэўтралітэту было зафіксаванае ў Канстытуцыі 1994 году (арт. 18 — «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай») і захавалася нават пасьля зьменаў у выніку г.зв. рэфэрэндуму 1996 г.

Строга кажучы, цяперашні ўдзел Беларусі ў шэрагу сумесных з Расеяй вайсковых структураў, ня кажучы ўжо пра членства ў АДКБ, супярэчыць гэтаму палажэньню Канстытуцыі. У Канстытуцыйным судзе (калі б такі ў Беларусі існаваў рэальна) прыхільнікам цяперашняга становішча было б вельмі цяжка даказаць, што такое членства спрыяе дасягненьню нэўтралітэту. Я нават не магу ўявіць ніводнага колькі-небудзь лягічнага ня толькі прававога, але і вайсковага аргумэнта на карысьць такой пазыцыі.

Ці заставацца Беларусі пасьля Лукашэнкі ў саюзах з Расеяй?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:30 0:00
Наўпроставы лінк

Гэтак жа сама і любая заява пра імкненьне далучыцца да NATO супярэчыць гэтаму 18-му артыкулу. Іншая справа, што тэма ўступленьня ў NATO час ад часу ўздымаецца і дэбатуецца (абмяркоўваць можна ўсё што заўгодна, у тым ліку і канстытуцыйныя зьмены), а членства ў АДКБ — цалкам рэальнае (і па факце антыканстытуцыйнае).

У выпадку, калі ў Канстытуцыю будуць унесеныя заяўленыя зьмены (скасаваньне нэўтралітэту з адначасным далучэньнем да сыстэмы калектыўнай бясьпекі), гэта цяпер ужо канстытуцыйна замацуе вайсковую залежнасьць Беларусі ад Масквы.

І «паміраць за Расею» беларускіх грамадзянаў абавяжа ўжо Канстытуцыя. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было.

І гэта можна будзе лічыць перамогай Масквы. Альбо — платай Лукашэнкі Пуціну за падтрымку ў жніўні 2020-га. А хутчэй — і тым, і тым адначасна.

Іншая справа — ці будзе гэтая Канстытуцыя прызнаная міжнароднай супольнасьцю, а галоўнае — беларускім народам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG