Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У камэры зьявіліся вошы». Ігар Лосік за кратамі 240 дзён


Дата суду па справе адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і кансультанта Радыё Свабода па-ранейшаму невядомая.

Ігара Лосіка затрымалі ва ўласнай кватэры ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, пазьней перавялі ў сьледчую турму ў Жодзіне. Жонка Ігара Дар’я двойчы на тыдзень езьдзіць да мужа зь перадачамі. Бачыць Ігара ў турме можа толькі адвакат. Чарговым разам Жодзіна Дар’я наведала 19 лютага.

«Са здароўем у Ігара ўсё нармальна, лісты і газэты даходзяць, — расказала Дар’я Свабодзе. — Але нядаўна да яго ў камэру падсялілі мужчыну, у якога аказаліся вошы. Не такія, якія ў валасах на галаве. А каторыя ў вопратцы, у ложку. Яны ўсёй камэрай у сераду, чацьвер пісалі заяву на так званую „пражарку“ (працэдура вынішчэньня паразытаў. — РС). Але пакуль ніякай рэакцыі ад адміністрацыі не было. Будуць і далей пісаць, але чаму меры не прымаюцца, гэта цікавае пытаньне. Пэдыкулёз вольна распаўсюджваецца па камэры. Пры гэтым Ігар разам з сукамэрнікамі самі гэта выявілі».

Па словах Дар’і Лосік, Ігар цяпер у той жа камэры зь відэаназіраньнем, куды ён трапіў падчас галадоўкі. Мэдычных аглядаў пакуль няма, перадачы дазваляюць у вызначаным аб’ёме.

«Я за восем месяцаў навучылася ўжо, што можна перадаваць, а што не, таму пытаньняў не ўзьнікае, — кажа Дар’я. — Лісты Ігар таксама атрымлівае. Адзінае, да мяне яны даходзяць са спазьненьнем. Апошні ліст ад Ігара я атрымала за 7 лютага. Выходзіць, два тыдні затрымкі».

Пра пачатак суду па справе Ігара Лосіка пакуль няма абсалютна ніякай інфармацыі. Ні ён, ні яго адвакат нават не пачыналі знаёміцца з матэрыяламі справы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG