Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страляніна па ўласных нагах. Чым скончыцца перасьлед праваабаронцаў і незалежных журналістаў


Ператрус у Беларускай асацыяцыі журналістаў 17 лютага 2021

Атака на праваабаронцаў і журналістаў выглядае ня больш як імітацыяй бурнай дзейнасьці. Нават калі ўсе праваабаронцы і журналісты апынуцца за кратамі ці пакінуць краіну, на пратэсты прынцыпова гэта ўжо не паўплывае. Хіба падача інфармацыі станецца хаатычнай. А як тады ўлады будуць атрымліваць рэальную карціну падзеяў? Ад ідэолягаў дзяржаўных мэдыя?

Сьцісла

  • «Сілавікі» працуюць не на вынік, а на справаздачу Лукашэнку.
  • Наступствы перасьледу праваабаронцаў і журналістаў для ўлады могуць быць толькі адмоўнымі.
  • Пратэсты нікім не фінансуюцца і тым больш не кіруюцца.
  • Без незалежных журналістаў і праваабаронцаў улады ня здолеюць атрымаць рэальную карціну падзеяў.
  • Маштаб пратэстава настроеных грамадзянаў мільённы. І гэтыя настроі нікуды ня зьніклі.

Навошта ўладам татальная атака на беларускіх праваабаронцаў і незалежных журналістаў?

Як гэта бачаць «сілавікі»:

Працягваецца тэрор — людзі пазбаўляюцца жаданьня пратэставаць.

Ідзе адпрацоўка заданьня Лукашэнкі — знайсьці цэнтар ці цэнтры фінансаваньня пратэстаў.

Аплата штрафаў — тое самае фінансаваньне, бо «за свае грошы» людзі пратэставаць нібыта ня будуць.

Як бачыцца сытуацыя збоку:

Лукашэнка ня хоча прызнаць, што пратэсты не зьвязаныя ні зь нейкімі цэнтрамі кіраваньня, ні тым больш з грашыма.

Генэралы МУС і КДБ паўтараюць тактыку зачысткі грамадзянскага сэктару пасьля Плошчы-2010. Усё тое самае — тэрор супраць грамадзкіх актывістаў. У ізалятарах «Валадаркі» і «Амэрыканкі» сярод іншых сядзяць лідэры няўрадавых арганізацый, якія па вэрсіі ўладаў датычныя да «цэнтраў кіраваньня» пратэстамі і «фінансаваньня пратэстаў».

Калі казаць пра грошы на сплату штрафаў, прынцыповае адрозьненьне ад папярэдніх гадоў найноўшай гісторыі Беларусі ў тым, што грошы зьбіралі ўсёй грамадой. Таму закіды пра хоць якія «варожыя» фундацыі ў 2020–2021 гадах не працуюць. Народныя грошы для народу — вось што канфіскавалі ў мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава, якога вінавацяць у «фінансаваньні пратэстаў».

Сьляды такіх жа народных грошай для народу спрабуюць цяпер знайсьці ў кампутарнай тэхніцы сяброў самых розных праваабарончых арганізацый: ад журналісцкай (БАЖ) да рабочай (прафсаюз РЭП).

Якія могуць быць практычныя вынікі атакі на праваабаронцаў?

Генэралы МУС і КДБ могуць адсправаздачыцца Лукашэнку пра пасьпяхова праведзеную апэрацыю. Заадно часова суцішаныя самімі людзьмі пратэсты прыпісаць сабе як перамогу ў выніку плённай дзейнасьці «сілавікоў».

У рэальнасьці ва ўмовах прававога дэфолту ня толькі ператрусы, але нават арышты праваабаронцаў не саб’юць пратэставых настрояў, але яшчэ больш раззлуюць людзей.

Грошы і далей будуць перадаваць пацярпелым. Хіба беларусам давядзецца паскорана разьбірацца, як атрымліваць фінансы праз разнастайныя інтэрнэт-сэрвісы.

А цяпер самае непрыемнае для ўладаў. Краіны старой дэмакратыі могуць доўга вырашаць і не сьпяшацца рэагаваць на разгоны дэманстрантаў і нават на катаваньні ў засьценках. Але як толькі дзесьці ідзе атака на журналістаў і праваабаронцаў, ва ўрадах дэмакратычных краінаў спрацоўвае сыгнал «Алярм!» і пачынае мігцець чырвоная лямпачка сур’ёзнай пагрозы.

Калісьці краіны сучасных дэмакратый перажылі свае дыктатарскія рэжымы, і цяпер журналісты і праваабаронцы — гэта гаранты таго, што дыктатуры ніколі ня вернуцца. І як вынік для Беларусі — «далейшыя санкцыі будуць прынятыя аднагалосна».

Чым хутчэй генэралы перастануць жыць мінулай вайной (у нашым выпадку разгромам дэмакратычнай апазыцыі пасьля Плошчы-2010), тым будзе лепей для ўсіх.

Тады дзясяткам тысяч гатовых выходзіць на пратэст спачувалі сотні тысяч. Цяпер сотням тысяч — мільёны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG