Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу супраць жодзінца, якога абвінавацілі ў падпале ўваходу ў пракуратуру, перадалі ў суд


Уваход у жодзінскую пракуратуру 8 кастрычніка 2020 году. Фота Сьледчага камітэту

Паводле сьледзтва, 31-гадовы жыхар горада змайстраваў запальную прыладу, якую ў ноч на 8 кастрычніка паставіў на ганак пракуратуры.

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці скончыла расьсьледаваньне крымінальнай справы аб асабліва злосным хуліганстве і незаконных дзеяньнях у дачыненьні прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў, расказаў БелТА начальнік абласнога ўпраўленьня СК Андрэй Ліс.

Паводле сьледзтва, 31-гадовы жыхар Жодзіна ўвечары 7 кастрычніка па месцы жыхарства вырабіў самаробную запальную прыладу, якая складаецца з сумесі бэнзіну з газай і пэтардаў. Пасьля гэтага ноччу 8 кастрычніка ён «з мэтай прадэманстраваць грэбаваньне праваахоўнымі органамі» прыйшоў да будынку жодзінскай пракуратуры, дзе на ганку падпаліў вырабленую прыладу.

У выніку разьлёту падпаленай сумесі з нафтапрадуктаў, частак бутэлькі і іншых прадметаў прыстасаваньне пашкодзіла ўваходныя дзьверы і казырок над уваходам. Матэрыяльную шкоду сілавікі ацанілі ў 1,5 тысячы рублёў.

Сьледчыя паведамілі, што ў ходзе праверкі паказаньняў на месцы і сьледчага экспэрымэнту мужчына прадэманстраваў працэс вырабу і выкарыстаньня. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучылі заключэньні 14 экспэртных дасьледаваньняў, у тым ліку комплекснай пажарна-тэхнічнай экспэртызы.

Мужчыну прад’явілі абвінавачаньне ў ч.3 арт.339 «Асабліва злоснае хуліганства» і ў ч.1 арт.295-3 Крымінальнага кодэксу «Незаконныя выраб, захоўваньне, перавязеньне і нашэньне прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў». Абвінавачаны цалкам прызнаў віну і часткова кампэнсаваў шкоду.

Мужчыну ўтрымліваюць пад вартай, а матэрыялы справы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Агулам падразьдзяленьні Сьледчага камітэту Менскай вобласьці, паводле Ліса, са жніўня 2020 па люты 2021 году завялі 345 крымінальных спраў аб злачынствах, зьвязаных з масавымі беспарадкамі і пратэстнымі акцыямі. У асноўным гэта справы аб гвалце альбо пагрозе яго прымяненьня ў дачыненьні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, абразе прадстаўнікоў улады, хуліганстве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG