Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі — першая заява на беларускіх сілавікоў за катаваньні


Катаваньні на Акрэсьціна
Катаваньні на Акрэсьціна

Адвакат беларуса, які вінаваціць амапаўцаў у катаваньнях, падаў у Цэнтральную ўправу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Чэскай Рэспублікі заяву аб злачынствах, да якіх, паводле пацярпелага, меў непасрэднае дачыненьне начальнік горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч.

У Чэхіі гэта першая пададзеная заява аб гвалтоўных дзеяньнях беларускіх сілавікоў, на падставе якой можа быць распачатая крымінальная справа. Раней паведамлялася, што ў Чэхіі да падачы паводле ўнівэрсальнай юрысдыкцыі падрыхтаваныя ўжо 10 заяваў. Нагадаем, што ў межах чэскай мэдычна-гуманітарнай праграмы праходзяць рэабілітацыю больш за 50 чалавек зь Беларусі.

Адвакат беларуса Аляксей Крэнке паведаміў Радыё Свабода:

«Сёньня нашым адвакацкім бюро па просьбе кліента, які сур’ёзна пацярпеў ад рук прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі, у Цэнтральную ўправу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Чэскай Рэспублікі пададзенае паведамленьне аб учыненьні цэлага шэрагу цяжкіх крымінальных злачынстваў супраць чалавечнасьці.

«Марш справядлівасьці», Горадня, 20 верасьня. Камандзір горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч затрымлівае пратэстоўца.
«Марш справядлівасьці», Горадня, 20 верасьня. Камандзір горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч затрымлівае пратэстоўца.

У гэтым паведамленьні пацярпелы ў дэталях інфармуе пра факты нялюдзкіх зьдзекаў і катаваньняў, якія над ім учынілі супрацоўнікі АМАПу Горадні ў жніўні 2020 году, называючы канкрэтных асобаў. Гэтыя факты пацьвярджаюцца паказаньнямі сьведак і іншымі доказнымі матэрыяламі.

Факты, апісаныя ў паведамленьні нашага кліента, сьведчаць пра дзеяньні, якім няма месца ў цывілізаваным грамадзтве. Чэскі крымінальны кодэкс прадугледжвае магчымасьць перасьледу паводле прынцыпу ўнівэрсальнасьці такога тыпу злачынстваў на тэрыторыі Чэхіі, незалежна ад таго, у якой краіне яны былі ўчыненыя. Мы разьлічваем, што сьледчыя органы Чэскай Рэспублікі возьмуць справу на разгляд».

Пацярпелы, які пажадаў захаваць ананімнасьць, верыць, што злачынцаў пакараюць:

«Той, хто ў XXI стагодзьдзі ўтрымлівае ўладу пры дапамозе гвалту, паказвае сваю слабасьць. Выконваць бяздумна загады, сьцьвярджацца за кошт мірных людзей, прыніжаючы іх — гэта садызм. У свабоднай Беларусі такога быць ня можа! Веру і ведаю, што патрэбны час і сілы, каб пакараць тых, хто даваў загады і іх выконваў. Але гэты дзень абавязкова прыйдзе!»

Прадстаўніца Гуманітарнага кансыліюму, які са жніўня дзейнічае ў Чэхіі для аказаньня гуманітарнай дапамогі пацярпелым і рэпрэсаваным зь Беларусі, патлумачыла, чаму для падачы абралі 7 лютага:

«Сёньня беларускі і беларусы па ўсім сьвеце выказваюць сваю салідарнасьць зь беларускім народам, зь Беларусьсю. Мы як Гуманітарны кансыліюм салідарныя перадусім з пацярпелымі ад гвалту з боку беларускіх сілавікоў. Заявы, якія цяпер падаюцца ў краінах Эўразьвязу, маюць на мэце прыцягнуць да адказнасьці людзей, якія думаюць, што ў іх ёсьць карт-блянш на гвалт і ім за гэта ніколі нічога ня будзе.

Як вядома, у Беларусі супраць сілавікоў не было распачата ніводнай крымінальнай справы. Дзясяткам ахвяраў, якія спрабавалі дамагчыся справядлівасьці на радзіме, было адмоўлена ў базавых правах. Сотні ахвяраў дагэтуль маўчаць. Пададзенае сёньня ў Чэхіі паведамленьне аб крымінальным злачынстве — гэта і салідарнасьць з тымі, хто пакуль ня можа гаварыць альбо каму было адмоўлена ў голасе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG