Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: Такіх рэпрэсій і катаваньняў не было ў найноўшай гісторыі Беларусі


Валянцін Стэфановіч

Тэма катаваньняў для Беларусі ня новая, але такога маштабу рэпрэсій не было ў найноўшай гісторыі краіны. Такое меркаваньне выказаў намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы сутыкаліся з фактамі катаваньняў цягам усіх 25 гадоў працы «Вясны». Пра гэта Валянцін Стэфановіч сказаў на онлайн-сустрэчы з журналістамі і экспэртамі ў галіне правоў чалавека.

Паводле яго слоў, прымяненьне катаваньняў характэрна для пэрыядаў абвастрэньня рэпрэсій, якія заўсёды супадаюць з электаральнымі кампаніямі.

«Крызіс з правамі чалавека, які мы назіраем цяпер, адрозьніваецца тым, што рэпрэсіі носяць вельмі маштабны характар, якога не было ў найноўшай гісторыі, пачынаючы з 1991 году».

Праваабаронца адзначыў, што са жніўня 2020 году 33 тысячы чалавек прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыях пратэсту, на 900 завялі крымінальныя справы. Катаваньні прымяняюцца як да затрыманых па адміністрацыйных справах, так і да падазраваных і абвінавачаных па крымінальных артыкулах.

«У жніўні мы сутыкнуліся з масавым ужываньнем катаваньняў на тэрыторыі ўсёй краіны. Мы прыйшлі да высновы, што яны насілі сыстэмны і палітычна матываваны характар. Гэта быў нібы „акт адплаты“, пакараньня для тых, хто прымаў удзел у антыўрадавых дэманстрацыях».

Усяго праваабаронцам вядома больш як пра 1800 зваротаў пацярпелых ад катаваньняў у органы Сьледчага камітэту і пракуратуры, аднак ніводнай крымінальнай справы па гэтых фактах няма. Стэфановіч нагадаў, што летась упершыню супраць дэманстрантаў ужываліся гумовыя кулі. Падчас разгону пратэстаў дваіх чалавек застрэлілі, ёсьць людзі, якія загінулі ў выніку неаказаньня мэдычнай дапамогі.

Стэфановіч падкрэсьліў, што гэта выглядае як дэманстратыўная пазыцыя ўлады, калі ўся сыстэма перабудавана выключна пад рэпрэсіі. Органы пракуратуры маўчаць і бязьдзейнічаюць.

На думку праваабаронцы, улады лічаць, што ім удалося ўзяць сытуацыю пад кантроль і «цяпер надышоў этап адплаты ўсім, хто не паслухаўся, адважыўся выйсьці на вуліцу пратэставаць і выказваць сваю нязгоду з вынікамі мінулых выбараў». Крымінальныя справы пачынаюць у масавым парадку, а маштабнасьць падыходу дэманструе крымінальная справа ў дачыненьні да 231 чалавека за марш у Курапаты, які праходзіў у лістападзе 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG