Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калідор дубінак». Праваабаронцы ініцыявалі стварэньне міжнароднага органа для расьследаваньня гвалту сілавікоў у Беларусі


Пратэст у Горадні, 13 жніўня 2020

Расейскі «Камітэт супраць катаваньняў» і Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў апублікавалі даклад, прысьвечаны гвалту беларускіх сілавікоў над пратэстоўцамі.

У дакумэнце пад назвай «Калідор дубінак: шлях беларускіх уладаў. Даклад пра міліцэйскі гвалт» апісваюцца справы 13 чалавек, пацярпелых цягам 9-13 жніўня 2020 году, спасылаецца на першакрыніцу Tut.by.

На адмысловым сайце belarus.pytkam.net апісаныя гісторыі кожнага з пацярпелых — з фатаздымкамі сьлядоў пабіцьця, вытрымкамі з эпікрызу, аўдыё- і відэадоказамі.

10 чалавек ня ўтойваюць свае прозьвішчы, астатнія былі вымушаныя гэта зрабіць. Усе гэтыя людзі адседзелі ў ізалятары часовага ўтрыманьня і цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсьціна ў Менску.

«Большасьць пацярпелых праходзілі праз „калідоры“ праваахоўнікаў, якія наносілі ўдары дубінкамі, — апісваецца на сайце. — У аднаго чалавека ад удараў была разарвана барабанная перапонка, некалькі атрымалі розныя пераломы. Некаторыя паведамілі аб сэксуальным гвалце ці пагрозах сэксуальнага характару і прыніжэньні. Шмат гадзін яны знаходзіліся ў ненатуральных умовах, у перапоўненых камэрах без вады і ежы. Большасьць з гэтых 13 чалавек былі мінакамі, якія ня ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту».

Паводле афіцыйных зьвестак, да 9 верасьня 2020 году ў Сьледчы камітэт Беларусі паступіла звыш 1800 скаргаў ад грамадзян на катаваньні і незаконнае ўжываньне фізычнага гвалту. Да гэтага часу на супрацоўнікаў праваахоўных органаў не завялі ніводнай крымінальнай справы, у тым ліку па фактах забойстваў пратэстоўцаў.

«Гэта палітычна матываваная адмова ў правасудзьдзі»

У дакладзе прыводзіцца інфармацыя аб тым, як улады Беларусі сабатуюць правядзеньне расьсьледаваньня скаргаў грамадзян пад прыкрыцьцём фармальнага выкананьня закону.

«Выяўлена мноства розных выкрутасаў, якія выкарыстоўваюцца афіцыйнымі органамі Беларусі для фактычнай адмовы расьсьледаваць факты абуральных паводзінаў супрацоўнікаў сілавых структур, — заявіў генэральны сакратар Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў Геральд Стабэрок. — Тое, што мы назіраем, — гэта палітычна матываваная адмова ў правасудзьдзі. Мы лічым, што настаў час для стварэньня міжнароднага органа, які б заняўся расьсьледаваньнем маштабных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі».

У Беларусі працягваюцца пратэсты супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх пераможцам абвешчаны Аляксандар Лукашэнка. Масавыя акцыі працягваліся летам і ўвосень, цяпер пратэставая актыўнасьць праяўляецца ў лякальных акцыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG