Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-камандзір батальёна «Данбас» пракамэнтаваў фільм АНТ, у якім яму прыпісваюць пастаўкі зброі ў Беларусь


Дэпутат Вярхоўнай Рады Сямён Сяменчанка. Кіеў, 2017 год.
Дэпутат Вярхоўнай Рады Сямён Сяменчанка. Кіеў, 2017 год.

«Вельмі дзіка, што на аснове нейкіх малюнкаў робіцца выснова аб датычнасьці зусім старонняга чалавека да нейкіх момантаў. Зьдзіўлены я», — сказаў Сяменчанка.

Былы камандзір дабравольніцкага батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка ў інтэрвію «Еўрарадыё» пракамэнтаваў фільм АНТ «Траціл пратэсту», дзе яго вінавацяць у датычнасьці да тэрактаў у Беларусі.

«Па матэрыялах крымінальнай справы пад нікам Ivaplast Kiev, абанэнта ірацкага мабільнага апэратара, знаходзіцца ні хто іншы, як Сямён Сяменчанка. Гісторыя запомніць яго камандзірам дабравольніцкага батальёна „Данбас“, які ваяваў на паўднёвым усходзе Ўкраіны ў 2014 годзе», — сьцьвярджалі аўтары фільма, які выйшаў на дзяржаўным тэлеканалу АНТ . Нібыта Сяменчанка быў датычны да забесьпячэньня зброяй групы Мікалая Аўтуховіча.

У інтэрвію «Еўрарадыё» сам Сяменчанка паведаміў, што ня быў знаёмы з Аўтуховічам.

«Я наогул яго раней не ведаў. Да Беларусі я стаўлюся добра, У мяне мама сама родам з горада Ліды. Вельмі люблю беларускае марозіва. Галоўнае для мяне, каб мы не псавалі адносіны з Беларусьсю і каб тут расейцы, якія вядуць супраць нас агрэсію, не пагражалі нам яшчэ і з таго флянгу. Але з палітыкамі я не знаёмы», — сьцьвярджае ён.

Сяменчанка нагадаў, што ў 2014 годзе расейскія СМІ абвінавацілі яго ў гандлі чалавечымі органамі. На тэлеканале была паказана нібыта яго перапіска з кіраўніком СБУ і нямецкім доктарам.

«Нейкія скрыншоты, страшныя нейкія чалавеканенавісьніцкія рэчы. І тут тое ж самае. Але так як я да гэтага стаўлюся з гумарам... Але адзінае, я так разумею, што людзям, якіх у гэтым абвінавачваюць у Беларусі, цяпер відавочна не салодка. Таму што аб судзе я не чуў, але тым не менш чамусьці ўжо цяпер іх лічаць злачынцамі, якія наогул фэйкавы аўтобус нейкі хацелі падарваць. Нічога не зразумеў, акрамя таго, што чарговая прапаганда пайшла, на жаль», — кажа ён.

Сяменчанка не разумее, чаму з паказаных ў фільме АНТ скрыншотаў павінна выходзіць, што ў перапісцы фігуруе менавіта ён.

«Тут у мяне чамусьці ірацкі нумар, чаму гэта я, я так і не зразумеў. Калі б паказалі нейкія сьведчаньні людзей, хоць бы тых, якіх абвінавачваюць у гэтых так званых тэрарыстычных актах. Хоць я там тэракту наогул не ўбачыў. Там нібыта падпалы дамоў і машын, падчас якіх не загінуў ніводзін чалавек», — кажа ён.

«Вельмі дзіка, што на аснове нейкіх малюнкаў робіцца выснова аб датычнасьці зусім старонняга чалавека да нейкіх момантаў. Зьдзіўлены я», — сказаў Сяменчанка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG