Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён рыцар свабоды». Што з затрыманымі па справе Мікалая Аўтуховіча


Мікалай Аўтуховіч

Пасьля каранавірусу і псыхіятрычнай экспэртызы Мікалая Аўтуховіча вярнулі ў «амэрыканку».

Такую інфармацыю паведаміў калега Аўтуховіча па праваабарончай арганізацыі «Тайм-аўт» Васіль Завадзкі. Вынікі экспэртызы вядомыя толькі сьледчым.

Пра затрыманьне Мікалая Аўтуховіча стала вядома 8 сьнежня. Яго абвінавацілі ў стварэньні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці, падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Разам з Аўтуховічам затрымалі яшчэ некалькі чалавек.

Яшчэ на пачатку году Васіль Завадзкі скардзіўся, што лісты ад сябра не даходзяць. Цяпер праваабаронца паведаміў, што сувязь з Аўтуховічам наладзілася, ліставаньне двухбаковае і рэгулярнае. Але ёсьць праблема зь фінансаваньнем працы адваката, кожны візыт якога ў вязьніцу каштуе больш за 300 рублёў. Таму праваабаронцы і сябры Мікалая Аўтуховіча зьбіралі сродкі на адвакацкую дапамогу.

Былы прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч шмат гадоў змагаўся з карупцыяй у сваім раёне і ў Горадзенскай вобласьці. Раней агулам адбыў у беларускіх вязьніцах больш за 7 гадоў, быў прызнаны палітвязьнем. Чаму цяпер ён не атрымаў такога статусу?

Паводле праваабаронцы зь «Вясны» Валянціна Стэфановіча, Мікалай Аўтуховіч пакуль не прызнаны палітвязьнем, бо акалічнасьці ягонай справы невядомыя. Але яна застаецца пад пільнай увагай праваабарончай супольнасьці. «Спадзяёмся, што на судзе пра гэта даведаемся, да таго ж будзе магчымасьць назіраць за тым, як праходзіць працэс, і тады будзе прынятае рашэньне», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

«Маці напісала пра сымптомы каранавірусу»

Абвінавачаньне ў пасобніцтве тэрарызму выставілі і знаёмай Мікалая Аўтуховіча, былой актывістцы АГП Вользе Маёравай, якую КДБ затрымаў 4 студзеня. Пра гэта паведаміў сын Вольгі Маёравай Сяргей Зіямаў. Раней Сяргей згадваў, як пры арышце маці расказвала пра Мікалая Аўтуховіча, і таму ён вырашыў, што іхныя справы могуць быць зьвязаныя. «Больш пра справу маці нічога паведаміць не магу, мяне асабіста прызналі ў ёй сьведкам, выклікалі на допыт і ўзялі падпіску», — кажа Сяргей.

Сяргей Зіямаў мяркуе, што ў «амэрыканцы» ягоная маці другім разам перахварэла на каранавірус, але цяпер адчувае сябе збольшага нармальна.

«Мы з мамай перахварэлі на ковід яшчэ ўвесну мінулага году. А цяпер з «амэрыканкі» маці напісала, што адчувала тыя ж сымптомы, што і тады, але нібыта ўжо дала рады. Таксама ў адным лісьце было апісана, як яна радавалася, што трапіла ў іншую камэру. Бо там ёсьць туалет і столькі месца, што можна разысьціся з суседкай, не дакрануўшыся адна да адной. Але ёсьць і сумныя рэчы. У прыватнасьці, піша, што хутка выйсьці на волю не спадзяецца і зразумела, што «ў краіне такая сытуацыя, што нармальна жыць тут людзі змогуць, можа, гадоў праз 50», — расказаў сын Вольгі Маёравай.

Паводле 2 часткі 289 артыкула Крымінальнага кодэксу (аб пасобніцтве тэрарызму) Вользе Маёравай пагражае да 20 гадоў зьняволеньня. Пра яе стаўленьне да абвінавачаньня пакуль нічога не вядома.

«Ён рыцар свабоды»

У канцы 2020 году ў Баранавічах быў затрыманы мясцовы актывіст, інвалід другой групы, былы воін-аўганец Уладзімер Гундар. Праваабаронцы згадваюць, што Гундар быў знаёмы зь Мікалаем Аўтуховічам, таксама воінам-інтэрнацыяналістам, і зьвязваюць ягоную справу са справай Аўтуховіча.

Жонка Ўладзімера Гундара Алена таксама мяркуе, што гэтыя справы зьвязаныя, і пацьвярджае, што яе мужа ўжо абвінавацілі ў пасобніцтве тэрарызму, а таксама паводле 366 артыкула — «гвалт ці пагроза гвалту адносна службовай асобы». Расказаць пра другое абвінавачаньне Алена адмовілася, спаслаўшыся на падпіску аб неразгалошваньні. Што да абвінавачаньня мужа ў пасобніцтве тэрарызму, Алена Гундар перакананая, што ён ні ў чым не вінаваты.

«Гэта няпраўда. Муж ніколі не хаваў, што ўсе 26 гадоў быў праціўнікам рэжыму, але ён дакладна ня думаў пра тэрор, пра тое, каб браць у рукі зброю», — сказала жонка Гундара Алена. Жанчына згадала, як у канцы 90-х гадоў яе муж дапамагаў выдаваць гістарычны альманах «Рыцар свабоды», і параўнала Ўладзімера з героямі гэтага альманаху, прысьвечанага змагарам за незалежнасьць. «Ён такі ж рыцар свабоды», — кажа Алена.

Уладзімер Гундар ня мае адной нагі, якую ампутавалі ў выніку хваробы сасудаў. Як інвалід пераносіць цяжкасьці СІЗА КДБ?

«Мы рэгулярна лістуемся, у яго бадзёры настрой, на ўмовы ня скардзіцца. Але прызнае, што са здароўем пачаліся праблемы. Перанёс там гіпэртанічны крыз, таму я за яго вельмі непакоюся», — кажа Алена Гундар.

На ліставаньне і прыём перадачаў жонка вязьня «амэрыканкі» Ўладзімера Гундара ня скардзілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG