Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 221 палітвязень. Праваабаронца Стэфановіч расказаў, каму надаюць такі статус, а каму — не


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

У Праваабарончым цэнтры «Вясна» Свабодзе патлумачылі, чаму колькасьць палітвязьняў будзе расьці, чаму дагэтуль ёсьць людзі, якія адмаўляюцца ад такога статусу, і да якіх кепскіх для самога зьняволенага наступстваў такая адмова можа прывесьці.

Палітвязень Мікола Дзядок у лістах на волю напісаў, што чакае ад праваабаронцаў зьменаў у крытэрах прызнаньня палітвязьняў у Беларусі, бо зьмяняюцца і рэпрэсіўныя тактыкі рэжыму. На думку зьняволенага журналіста «Новага Часу» і актывіста анархісцкага руху, значна больш, чым цяпер, людзей у краіне варта прызнаць зьняволенымі з палітычных матываў.

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч у камэнтары Свабодзе з гэтай нагоды расказаў, што кожная крымінальная справа супраць асоб, арыштаваных пасьля пратэстаў, дэталёва разглядаецца юрыстамі. Гэта шматгадовая практыка, якая не залежыць ад ступені публічнасьці арыштаванай асобы, кажа Стэфановіч, а залежыць ад таго, ці рабіў арыштаваны гвалтоўныя дзеяньні:

«Мы разумеем незадавальненьне некаторых сваякоў, якія скардзяцца, што праваабаронцы нібыта ня хочуць прызнаваць іх родных палітвязьнямі. Сваякі вельмі перажываюць за родных людзей, якія апынуліся ў камэрах. Але мы базуемся на прынцыпах уласнай практыкі і міжнародных падыходаў. Ёсьць даўняе правіла, што загадзя падрыхтаваныя гвалтоўныя дзеяньні ня могуць стаць падставай для наданьня чалавеку такога статусу».

Якраз напярэдадні, 27 студзеня, праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 31 чалавека, асуджанага па артыкулах аб аказаньні супраціву міліцыянтам і ўжываньні адносна іх фізычнай сілы.

Надаць вязьням статус «палітычных» дазволіла тое, што мірныя сходы грамадзян, пасьля якіх іх затрымалі, павінны быць пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеяньні па гвалтоўным іх спыненьні, нават калі яны адбываюцца ў парушэньне працэдур.

Згодна з Кіраўніцтвам па вызначэньні паняцьця «палітычны зьняволены», гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаньнем фізычнай сілы, спэцсродкаў і калі ў дзеяньнях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясеньне несымбалічнай матэрыяльнай шкоды або шкоды каму-небудзь, дае падставы разглядаць гэтых асобаў у якасьці палітычных зьняволеных.

Разам з гэтым, адзначыў Стэфановіч, «Вясна» штодзённа адсочвае ўсе крымінальныя справы, у тым ліку тыя, дзе фігурантам было адмоўлена ў статусе палітвязьня. А лічба 221 — столькім асобам па стане на 28 студзеня надалі такі статус — далёка не канчатковая. Тым больш, калі асудзяць на турэмнае пакараньне тых людзей, якія адпушчаныя да суду пад падпіску аб нявыезьдзе ці зьмешчаныя пад хатні арышт. У выпадку прысуду, зьвязанага з пазбаўленьнем волі, яны стануць палітвязьнямі, кажа Стэфановіч.

Што нясе адмова ад статусу палітвязьня?

У той жа момант, прызнаўся праваабаронца, у краіне застаецца актуальным і пытаньне адмовы ад статусу палітвязьня. Перадусім калі самі арыштаваныя ці іх бацькі просяць не надаваць такі статус, баючыся ўзмацненьня ціску сілавых органаў.

«Некаторыя людзі маюць жаданьне вырашыць праблему „ціха“, неяк дамовіцца са сьледзтвам, паказаць, што не імкнуцца да публічнасьці, розгаласу. Спадзяюцца на мякчэйшы прысуд ці нават вызваленьне. Але шматгадовы досьвед, у тым ліку словы былых палітвязьняў, кажа пра адваротнае — маўчаньне і адмова ад статусу палітвязьня аніяк не ратуюць людзей, яны ўсё адно атрымліваюць жорсткія прысуды».

На думку праваабаронцы, адбываецца гэта яшчэ і ў выгадных сілавікам і судам умовах, калі ні журналісты, ні юрысты не гавораць пра справу, якую ўлады пачалі з палітычных матываў.

Адмова ад статусу можа пашкодзіць чалавеку і ў хуткім выхадзе на волю. Валянцін Стэфановіч кажа, што для Беларусі гэта ня новая сытуацыя.

«Не сумняюся, што неўзабаве Лукашэнка пачне старую тэму — „гандаль палітвязьнямі“. Ён рабіў гэтак і ў ранейшыя гады, калі трэба было дамагчыся нейкіх паслабленьняў ад Захаду. І хоць сёньня ён заявіў, што ня бачыць у Беларусі ніводнага палітвязьня, можна быць упэўненым — у зручны для сябе момант ён пачне тую самую гульню, будзе прапаноўваць выпусьціць тых, каго зьняволіў з палітычных матываў».

Сьпісы «Вясны», сказаў Стэфановіч Свабодзе, хоць не заўсёды, але часьцей за ўсё супадаюць са сьпісамі, якія маюць у Эўразьвязе. Таму адмова ад статусу палітвязьня можа прывесьці да большага тэрміну, праведзенага чалавекам за кратамі, бо разам зь людзьмі, якія ад статусу не адмаўляліся, яго ня выпусьцяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG