Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіне трэба адмовіцца ад ганебных Менскіх пагадненьняў, — камбат Сяменчанка


Сямён Сяменчанка
Сямён Сяменчанка

Камітэт па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны Вярхоўнай Рады рыхтуе пастанову пра прызнаньне сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны вайной.

Пра гэта заявіў дэпутат ад «Народнага фронту», камандзір батальёна «Днепр-1» Юры Бяроза. Паводле іншага дэпутата і камбата Сямёна Сяменчанкі, Украіне варта адмовіцца ад фармату Менскіх перамоваў і пачынаць адваёўваць сваю тэрыторыю. Палітолягі кажуць: абвясьціць ваеннае становішча трэба, але толькі на ўсходзе Ўкраіны.

Тое, што адбываецца на ўсходзе Ўкраіны — сапраўдная вайна з Расеяй. І ўсе ўкраінцы павінны нарэшце пачаць называць рэчы сваімі імёнамі, запэўнівае дэпутат Вярхоўнай Рады ад «Народнага фронту», камандзір батальёна «Днепр-1» Юры Бяроза.

Таму парлямэнцкі Камітэт па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны рыхтуе да галасаваньня ў Вярхоўнай Радзе пастанову аб прызнаньні вайны, кажа ён.

«Вайна да гэтага часу не названая вайной. Мы ня можам выкарыстоўваць армію, перакрыць мяжу. Калі ў нас вайна, мы павінны зрабіць суцэльны фронт, перакрыць усё. Чаму мы да гэтага часу маем гандлёвыя адносіны з Расеяй? Нас не разумее сьвет. Аб якой мы дапамозе тады просім, калі самі не называем вайну вайной?» — пытаецца Юры Бяроза.

Менскія дакумэнты як ганебны Берасьцейскі мір

Кіеву варта адмовіцца ад фармату Менскіх перамоваў, і Вярхоўная Рада гатова падтрымаць такую ініцыятыву, запэўнівае народны дэпутат ад фракцыі «Самапомач», камандзір дабравольніцкага батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка. У яго выклікае абурэньне, што Ўкраіна не вызваляе свае тэрыторыі менавіта цяпер — у самы слабы для Расеі час.

«Нам неабходна адмовіцца ад ганебных Менскіх пагадненьняў. Гэты фармат нічога не гарантуе. Трэба перайсьці да іншага фармату, дзе будуць заходнія пасярэднікі — у першую чаргу ЗША. Бо гэтыя зьневажальныя перамовы — калі тэрарысты ні ў грош ня ставяць нашу краіну, ня выкананая ні адна ўмова перамір’я, падае кошт на нафту, рубель, пачынаецца паўстаньне прыгнечаных народаў супраць Крамля, а мы ў гэты час зьняважана просім міру — гэта павінна сысьці ў мінулае», — адзначае Сяменчанка.

Элемэнты ваеннага становішча трэба было абвясьціць даўно, лічыць палітоляг Віктар Небажэнка. А пасьля гэтага ствараць стаўку галоўнага камандаваньня і прызначаць рэальных ваенных камандзіраў, адказных за сытуацыю ў краіне.

«Але гэта называецца жыць па-новаму. А гэтага ніхто ня хоча, усе хочуць па-ціхаму — дамоўленасьці паміж Мэркель, Пуціным, Захадам, Кіевам... А вайна разьвіваецца паводле сваіх правілаў, і яе не спыніць ні Менскімі таемнымі дамоўленасьцямі, якія больш нагадваюць Берасьцейскі мір, ні іншымі спосабамі. Украіне давядзецца прызнаць тое, што на нас напалі, назваць суперніка, то бок Маскву, агрэсарам. І ў тых раёнах, дзе адбываюцца ваенныя сутыкненьні з расейскімі войскамі, абвясьціць ваеннае становішча.

Чыноўнікі пойдуць у войска?

Украіне ёсьць чым пагражаць Расеі, сьцьвярджае пазафракцыйны дэпутат, баец батальёна «Днепр-1» Уладзімер Парасюк. Як мінімум, Кіеў ужо даўно павінен увесьці сур’ёзныя эканамічныя санкцыі. Што тычыцца магчымай мабілізацыі, дэпутат кажа: яна пачнецца з чыноўнікаў.

«Мы ўжо сабралі групу народных дэпутатаў, якія будуць уручаць позвы і запрашаць да служэньня сваёй краіне, напрыклад, судзьдзяў. Я вам хачу сказаць, што вельмі хутка вы ўбачыце, як першы судзьдзя атрымае запрашэньне ісьці абараняць нашу зямлю!»

На пытаньне, ці не баяцца яны здрады высокапастаўленых, камбаты адказалі:

«У войску ёсьць вельмі шмат пытаньняў, якія можна даверыць судзьдзям. Напрыклад, капаць акопы». І паабяцалі стварыць новы батальён пад назвай «Мажор» — для дэпутатаў, якія ня будуць выконваць сваіх службовых абавязкаў у парлямэнце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG