Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаргонях камунальнікі адсудзілі ў пратэстоўцаў кампэнсацыю за павешаныя белыя і чырвоныя балёнікі


Засьнежаныя Смаргоні.
Засьнежаныя Смаргоні.

13 жыхароў Смаргоняў на Горадзеншчыне сталі фігурантамі справы на пазоў мясцовых камунальнікаў.

Судзьдзя суду Смаргонскага раёну Дзьмітры Дамарад абвесьціў рашэньне на пазоў пракурора Андрэя Клышэвіча ў інтарэсах мясцовай камунальнай гаспадаркі да 13 смаргонскіх актывістаў аб спагнаньні салідарна 90 рублёў 61 капейкі ўрону. Пра гэта паведаміў праваабаронца Алесь Дзергачоў.

Пракурор сьцьвярджаў, што 8 лістапада 2020 году ў цэнтры Смаргоняў удзельнікі масавага мерапрыемства павесілі на недасягальнай вышыні белыя і чырвоныя паветраныя балёнікі. Суму шкоды вызначылі, зыходзячы з кампэнсацыі працы пэрсаналу і спэцтэхнікі, задзейнічаных на здыманьні «несанкцыянаваных прадметаў».

Пазоў, як патлумачыў пракурор, прад’яўлены толькі тым удзельнікам, якія трымалі у руках балёнікі.

«Падчас суду пракурор адмовіўся ад пазову да аднога фігуранта, бо ягоны ўдзел не даказалі. Яшчэ аднаго суд выключыў зь ліку адказьнікаў, таксама палічыўшы факт удзелу не даказаны. З астатніх спагналі суму часткова — у памеры 79 рублёў 11 капеек», — расказаў Алесь Дзергачоў.

Але на справе камунальнікі нічога ня выйгралі, наадварот, зайшлі ў мінус. Суд вырашыў спагнаць з арганізацыі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі 100 рублёў за паслугі адваката на карысьць актывіста, удзел якога ў мерапрыемстве не даказаны.

Такім чынам, пракурор дамогся спагнаньня 79 рублёў 11 капеек на карысьць камунальнікаў, а тыя, у сваю, чаргу, мусяць заплаціць 100 рублёў ні ў чым не вінаватаму чалавеку.

У бакоў ёсьць два тыдні на абскарджаньне, смаргонцы рыхтуюць апэляцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG