Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігару Лосіку не даходзяць лісты ад жонкі. Палітвязень за кратамі ўжо 227 дзён


Жонка Ігара Дар’я расказала Свабодзе, што мужа нарэшце агледзеў лекар жодзінскай сьледчай турмы.

Палітвязень, адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. Як паведаміла Свабодзе яго жонка Дар’я Лосік, у мінулую пятніцу 5 лютага Ігара ўпершыню пасьля спыненьня галадоўкі агледзеў турэмны лекар.

«Сёньня я была ў Жодзіне, — расказала Дар’я Лосік. — Ігара ў пятніцу наведаў лекар. Спытаў, ці мае Ігар скаргі, памераў яму ціск. Ціск быў 130 на 80. Для Ігара гэта не зусім норма, але ўжо хаця б не 140. 130 высакавата таксама, але ўжо лепш. Лісты атрымлівае. Але чамусьці не ад мяне. Я з пачатку ўтрыманьня мужа пад вартай напісала яму 90 лістоў. 9 зь іх ён не атрымаў. Апошні месяц ад мяне лісты да яго не даходзяць увогуле.

Скаргаў на здароўе няма. Вітаміны п’е. Я шкодныя прадукты яму не перадаю. Соўсы, локшыну хуткага прыгатаваньня не дасылаю. Але кажа, што ў пляне здароўя ўсё больш-менш нядрэнна. Адзінае, Ігар вельмі скардзіцца і злуецца, што мае лісты яму не даходзяць».

Спатканьня Дар’і зь Ігарам не дазваляюць, яго можа бачыць толькі адвакат. Дар’я двойчы на тыдзень езьдзіць у Жодзіна з Баранавічаў, каб зрабіць мужу перадачу. Іх дачцэ Паўліне на пачатку студзеня споўнілася два гады.

Сьледзтва па справе Ігара Лосіка працягваецца, пра дату перадачы яго матэрыялаў у суд нічога не вядома.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG