Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ пасьля візыту ў Маскву: «Эўропа і Расея аддаляюцца»


Жузэп Бурэль і Сяргей Лаўроў на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве 5 лютага 2021 г.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль, які наведаў Маскву з трохдзённым візытам на мінулым тыдні, заявіў, што адносіны ЭЗ і Расеі цяпер «на раздарожжы».

Дыплямат назваў сваё наведаньне Масквы «вельмі складаным» і дадаў: візыт «пацьвердзіў, што Эўропа і Расея аддаляюцца».

«Расея, здаецца, паступова аддзяляецца ад Эўропы і разглядае дэмакратычныя каштоўнасьці як экзыстэнцыйную пагрозу», — напісаў Бурэль у сваім блогу ўвечары 7 лютага.

Паводле дыплямата, «агрэсіўная прэс-канфэрэнцыя і высылка трох дыпляматаў ЭЗ» падчас яго візыту «сьведчаць аб тым, што расейскія ўлады не хацелі выкарыстаць гэтую магчымасьць для больш канструктыўнага дыялёгу з ЭЗ».

Бурэль дадаў, што наступныя крокі ЭЗ могуць уключаць дадатковыя санкцыі супраць Масквы.

На думку крытыкаў Бурэля, тое, як ён выступаў у Маскве, сьведчыць, што яго візыт быў катастрафічным правалам.

«У цэлым выступ Бурэля быў катастрофай. Ён прызнаў, што ЭЗ не зрабіў ніякіх крокаў у бок прыняцьця новых санкцый у дачыненьні да Расеі ў сувязі са справай Навальнага. Затым Бурэль, былы міністар замежных справаў Гішпаніі, стаяў і маўчаў з паўусьмешкай на твары, калі Лаўроў у заключным слове аблаяў ЭЗ, назваўшы яго “ненадзейным партнэрам”», — піша эўрапейская вэрсія міжнароднага выданьня Politico.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG