Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Новай Баравой спыталі дэлегатку Ўсебеларускага народнага сходу, чаму ў краіне ня дзейнічаюць законы


Новая Баравая
Новая Баравая

Жыхары менскага мікрараёну Новая Баравая накіравалі прадстаўніцы раёну на Ўсебеларускім народным сходзе, які Лукашэнка ініцыюе 11–12 лютага, адкрыты калектыўны зварот. Гэтая прадстаўніца — дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Заслаўскай акрузе № 77 Валянціна Курсевіч.

У лісьце да Валянціны Курсевіч жыхары адзначаюць, што ня мелі магчымасьці аддаць галасы ў падтрымку яе кандыдатуры пры вылучэньні на УНС з прычыны «непразрыстай сыстэмы вылучэньня і падтрымкі кандыдатаў».

Яны згадалі, што артыкул 23 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» прадугледжвае, што ананімныя звароты «не падлягаюць разгляду, калі яны ня ўтрымліваюць зьвестак аб злачынстве, якое рыхтуецца, учыняецца або зьдзейсьнена».

«У нас ёсьць падставы меркаваць, што ў гэтым звароце такія зьвесткі ўтрымліваюцца, таму просім вас паставіцца да яго з усёй належнай адказнасьцю».

Жыхары Новай Баравой напісалі ў звароце пра факты падтасоўкі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, бяспраўе грамадзян у месцах пазбаўленьня волі і ў органах, якія маюць абараняць канстытуцыйныя правы грамадзян краіны.

Яны папрасілі Валянціну Курсевіч пракамэнтаваць доказы масавых фальсыфікацый на выбарах, прадстаўленыя ў справаздачы плятформы «Голас».

Ёсьць і шэраг іншых пытаньняў да прадстаўніцы раёну на сходзе.

  • Згодна з заканадаўствам РБ, бюлетэні неабходна захоўваць на працягу 5 гадоў. Аднак кіраўнік ЦВК сьцьвярджае, што іх зьнішчылі. Ці можна ў дадзеным выпадку гаварыць аб парушэньні заканадаўства? Калі бюлетэні сапраўды зьнішчылі, дык на якой падставе?
  • Забойства Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня 2020 году: хто гэта зрабіў? Хто аддаваў загад? На якой падставе супраць няўзброенага чалавека, які стаяў з паднятымі рукамі, выкарыстоўвалася агнястрэльная зброя?
  • Пракамэнтуйце выкарыстаньне спэцсродкаў супраць мірнага насельніцтва, а таксама зьбіцьця грамадзян супрацоўнікамі АМАП і ГУБАЗіК у пэрыяд з 9 жніўня і па цяперашні час.
  • Пракамэнтуйце прымяненьне катаваньняў у дачыненьні да цывільнага насельніцтва ў РУУС, а таксама ў ЦІП на Акрэсьціна ў пэрыяд з 9 па 13 жніўня 2020 году.
  • Пракамэнтуйце пагром кавярні «O’petit» супрацоўнікамі ГУБАЗіК 16 верасьня 2020 году.
  • Забойства Рамана Бандарэнкі 11 лістапада 2020 году: як на гэты момант гучыць афіцыйная вэрсія сьледзтва? Чаму маці Рамана да гэтага часу не далі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі?
  • Пракамэнтуйце адсутнасьць крымінальных справаў па фактах зьдзяйсьненьня вышэйпералічаных злачынстваў.
  • Пракамэнтуйце адключэньне водаправоднай вады ў раёне Новая Баравая ў пэрыяд з 15 па 18 лістапада 2020 году, а таксама адсутнасьць адказаў ад кампэтэнтных органаў на накіраваныя калектыўныя звароты жыхароў.
  • Пракамэнтуйце факты завядзеньня крымінальных спраў у дачыненьні да 227 чалавек, якіх міжнародная супольнасьць і праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зьняволенымі.
  • Чаму становіцца больш жорсткай адказнасьць за арганізацыю і правядзеньне масавых мерапрыемстваў, калі гэта не адпавядае інтарэсам людзей, якіх вы прадстаўляеце? Ці праводзіліся публічныя слуханьні, ці разглядаліся звароты, якія адпраўляліся вам?
  • Чаму вывешваньне сьняжынак чырвонага і белага колеру, герба «Пагоня», сьцяга на ўласным бальконе, які ня лічыцца грамадзкім месцам, рэгулюецца законам аб масавых мерапрыемствах і людзі атрымліваюць штрафы і «суткі»?
  • Чаму «ананімныя» сьведкі з МУС на судзе карыстаюцца большым даверам, чым сьведкі з боку падсудных, нават пры наяўнасьці ў апошніх відэазапісаў, якія пацьвярджаюць іх паказаньні?
  • Што значыць «пікет з дапамогай сеткі інтэрнэт»? Чаму работнікі аэрапорта пакараныя за зварот?
  • Ці ёсьць хоць адзін дэпутацкі запыт у пракуратуру, Сьледчы камітэт, МУС, Вярхоўны суд з нагоды апісаных і пацьверджаных выпадкаў перавышэньня паўнамоцтваў, гвалту, неправамерных судовых рашэньняў, звальненьняў, пакараньняў?
  • Каго вы прадстаўляеце і абараняеце?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG