Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыі сацыял-дэмакратаў і «Справядлівы сьвет» адмовіліся ад запрашэньняў на Ўсебеларускі народны сход


Старшыня БСДП Ігар Барысаў
Старшыня БСДП Ігар Барысаў

7 лютага прэзыдыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі абмеркаваў запрашэньне з апарату Савету міністраў старшыні партыі Ігару Барысаву прыняць удзел у VI Усебеларускім народным сходзе.

У выніку прэзыдыюм БСДП пастанавіў устрымацца ад удзелу старшыні партыі ў праўладным сходзе, паколькі лічыць, што:

  • УНС зьяўляецца «кансультацыйным мерапрыемствам прыхільнікаў дзейнай улады», але не беларускага народу і не палітычных партый, якія дагэтуль не прызнаныя суб’ектамі палітычных працэсаў у краіне;
  • пытаньні па выхаду з палітычнага крызісу ня могуць разглядацца на УНС з прычыны яго неканстытуцыйнасьці і неўпаўнаважанасьці ў пытаньні прыняцьця рашэньняў;
  • УНС ня будзе спрыяць адзінству і кансалідацыі беларускага народу, а толькі ўзмоцніць супрацьстаяньне ўлады з народам.

БСДП падкрэсьлівае, што гатовы абмяркоўваць шляхі выхаду з палітычнага крызісу і стабілізацыі сытуацыі ў краіне. З улікам непрызнаньня міжнароднай супольнасьцю парлямэнту і Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта Беларусі БСДП прапануе пачаць перамовы для выхаду з палітычнага крызісу зь лідэрамі грамадзкай думкі пры пасярэдніцтве АБСЭ, БСДП і іншых дэмакратычных палітычных партый.

Партыя «Справядлівы сьвет» таксама адмовілася ад удзелу ў праўладным сходзе

Пленум цэнтральнага камітэту Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» 7 лютага таксама прагаласаваў супраць удзелу партыі ва Ўсебеларускім народным сходзе, які ўлады заплянавалі правесьці ў Менску 11–12 лютага.

«Прынята рашэньне лічыць немэтазгодным удзельнічаць старшыні партыі ва Ўсебеларускім народным сходзе», — паведаміў БелаПАН старшыня «Справядлівага сьвету» Сяргей Калякін.

Паводле яго слоў, са складу пленуму толькі адзін чалавек падтрымаў удзел партыі ў сходзе, яшчэ адзін — устрымаўся.

Калякін прывёў некалькі падстаў для адмовы ад удзелу партыі ў сходзе.

«Па-першае, пры фармаваньні дэлегатаў былі ўшчэмленыя інтарэсы палітычных партый, у тым ліку „Справядлівага сьвету“. Павінна была быць выдзелена квота, дзе яны б абралі паўнапраўных дэлегатаў, якія маглі б вырашаць пытаньні нароўні зь іншымі», — растлумачыў палітык.

Запрашэньне — гэта ня ўдзел у якасьці дэлегатаў, дадаў ён, «гэта для мэблі і інтэр’еру, каб асьвятліць, як там праходзіць».

«Мы таксама накіроўвалі ў УНС прапановы па палітычным і сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны, але не пачулі ніякага адказу: гэта прынята, не прынята. Нас нікуды не запрасілі пагаварыць, што можна ўзяць ці чаму нельга ўзяць прапановы», — дадаў Калякін.

Лідэр партыі, акрамя таго, адзначыў, што запрашэньне, якое яны атрымалі, не прадугледжвае магчымасьці выступу на сходзе.

За тыдзень да Ўсебеларускага народнага сходу кіраўнікі 8 зарэгістраваных у Беларусі палітычных партый атрымалі тэлефонныя запрашэньні з апарату Савету міністраў стаць гасьцямі гэтага праўладнага форуму. Сярод іх — партыі, якія пазыцыянуюць сябе апанэнтамі дзейных уладаў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Партыя БНФ і Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет».

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, кандыдат у прэзыдэнты на апошніх выбарах Сяргей Чэрачань заявіў, што ня будзе ўдзельнічаць у «палітычным спэктаклі». Адмовіўся ісьці на Ўсебеларускі народны сход і старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Кіраўнікі БСДП і «Справядлівага сьвету» вырашылі, што прымуць рашэньне па выніках паседжаньня прэзыдыюму партыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG