Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запусьцілі пэтыцыю супраць дыскрымінацыі прыватнікаў пры вылучэньні на Ўсебеларускі народны сход


Усебеларускі народны сход у 2016 годзе

Аўтары пэтыцыі лічаць формы вылучэньня дэлегатаў на сход дыскрымінацыяй прыватнікаў і неабгрунтаванай перавагай на карысьць найбуйнейшых грамадзкіх аб’яднаньняў.

11 і 12 лютага 2021 года адбудзецца шосты «Ўсебеларускі народны сход» з абмеркаваньнем сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі і напрамкаў грамадзка-палітычнага разьвіцьця краіны. Але шэраг грамадзян Беларусі ўжо выказаў свой недавер гэтаму сходу і ўдзельнічае ў альтэрнатыўных мерапрыемствах.

На плятформе «Зручны горад» запусьцілі пэтыцыю з патрабаваньнем да Генпракуратуры правесьці праверку выкананьня дзяржаўнымі органамі ўлады заканадаўства пры прыняцьці і выкананьні ўказу Лукашэнкі.

Аўтары пэтыцыі адзначаюць, што, згодна з пунктам 4.4 указу, удзельнікі 6-га Усебеларускага народнага сходу выбіраюцца толькі раённымі, гарадзкімі (гарадоў абласнога падпарадкаваньня), Менскім гарадзкім саветамі дэпутатаў і найбуйнейшымі грамадзкімі аб’яднаньнямі. Яны лічаць, што гэты пункт указу «неабгрунтавана абмяжоўвае правы грамадзян Беларусі на ўдзел у вырашэньні дзяржаўных спраў», гарантаваныя артыкулам 37 Канстытуцыі.

Згодна з арт. 10 Закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» прэзыдэнт мае права вызначыць толькі нормы прадстаўніцтва і парадак выбраньня ўдзельнікаў рэспубліканскага сходу, а таксама склад арганізацыйнага камітэту для падрыхтоўкі і правядзеньні рэспубліканскага сходу. Указы аб правядзеньні ўсіх папярэдніх «народных сходаў» выдаваліся без падобных дыскрымінацыйных абмежаваньняў.

«Артыкул 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацоўвае роўнасьць формаў уласнасьці і гарантуе роўныя абарону i ўмовы разьвіцьця ўсіх формаў уласнасьці. У сваю чаргу, указ да запрошаных на Ўсебеларускі народны сход асобаў залічвае выключна кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Аўтары дакумэнту, пад якім ужо 500 подпісаў, просяць Генпракуратуру вынесьці прадпісаньне аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства рэспубліканскаму, абласным і Менскаму гарадзкому арганізацыйным камітэтам па падрыхтоўцы і правядзеньні 6 Усебеларускага народнага сходу, а таксама ўсім мясцовым саветам дэпутатаў і афіцыйных папярэджаньняў іх кіраўнікам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG