Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пачаўся чарговы суд над Аляксеем Навальным


Аляксей Навальны ў Бабушкінскім судзе Масквы, 5 лютага 2021
Аляксей Навальны ў Бабушкінскім судзе Масквы, 5 лютага 2021

У Маскве ў Бабушкінскім судзе пачалі разглядаць яшчэ адну справу расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Яго абвінавачваюць у распаўсюджаньні заведама лжывых зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць 94-гадовага вэтэрана Другой сусьветнай вайны Ігната Арцёменкі

Пра гэта паведамляе тэлеканал «Настоящее время»

Пацярпелы вэтэран удзельнічае ў працэсе праз скайп з дому — у кіцелі з узнагародамі і ў масцы. Навальны абурыўся тым, што на вэтэрана надзелі маску. «У мяне хадайніцтва і пратэст. Вы яго выкарыстоўваеце як ляльку, дазвольце легчы і зьняць ідыёцкую маску. Вы зьдзекуецеся над 95-гадовым чалавекам, які не разумее, што адбываецца. Ягоныя сваякі ім гандлююць, каб атрымаць крыху грошай», — адзначыў ён.

Навальны кажа, што ня бачыў матэрыялаў справы, і просіць паўгадзіны на размову з абаронцамі і азнаямленьне з матэрыяламі.

Аляксея Навальнага прывезьлі на разгляд справы зь СІЗА «Матроская цішыня». У суд таксама прыехаў брытанскі дыплямат.

Каля будынку Бабушкінскага суду ўзмоцненыя меры бясьпекі: там знаходзяцца аўтазакі, а таксама аўтобусы і аўтамабілі паліцыі.

Крымінальная справа аб паклёпе (частка 2 артыкула 128.1 КК РФ) зьявілася летам 2020 году. Вэтэран Арцёменка зьняўся ў агітацыйным роліку і такім чынам падтрымаў зьмены Канстытуцыі, якія прапанаваў Уладзімір Пуцін. Навальны ў твітэры напісаў, што ўдзельнікі агіткі — «прадажныя халуі» і «ганьба краіны».

Праўладныя журналісты і грамадзкія дзеячы запатрабавалі ад праваахоўных органаў зьвярнуць увагу на выказваньне Навальнага.

Калі паклёп на вэтэрана будзе даказаны, Навальнаму пагражае штраф на суму, эквівалентную прыкладна 7 тысячам даляраў, або абавязковыя работы. Пазбаўленьня волі артыкул не прадугледжвае. Аднак прысуд па абвінавачаньні ў паклёпе можа прывесьці да ўзмацненьня жорсткасьці пакараньня або да зьмены меры стрыманьня ў іншых справах Навальнага.

  • Паводле ўсерасейскага апытаньня «Левада-цэнтру», праведзенага з 29 студзеня па 2 лютага, дзейнасьць Аляксея Навальнага ўхваляюць 19% расейцаў. За апошнія восем гадоў яго рэйтынг вырас у тры разы. Найбольшую папулярнасьць палітык мае сярод моладзі.
  • Арыштаваны расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны павінен быць неадкладна вызвалены. Пра гэта на сустрэчы з супрацоўнікамі Дзярждэпартамэнту заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG