Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў «сутак» не жаночае аблічча


Калі ў верасьні я сядзела сем сутак адміністрацыйнага арышту, на Акрэсьціна не было гарачай вады, у перадачкі мне забыліся пакласьці чыстыя майткі, а на фоне стрэсу ў мяне, вядома ж, пачалася мэнструацыя. Было, мякка кажучы, непрыемна, але ў мяне хаця б былі пракладкі.

Цяпер жанчыны выходзяць з Акрэсьціна і расказваюць, што ў пракладках ім там часта адмаўляюць. Перадачы ад родных цяпер цалкам забароненыя, камэры часта перапоўненыя, матрацы і пасьцельную бялізну не выдаюць, шмат хто скардзіцца на холад. У такіх умовах жанчыны пражываюць мэнструацыю, і я магу назваць гэта толькі адным словам — катаваньні.

Адсутнасьць перадач значыць, што ў жанчын няма ня толькі пракладак і тампонаў. У іх можа ня быць нават звычайных плястыкавых бутэлек, у якія можна наліць ваду і падмыцца. У такіх сытуацыях, расказваюць, жанчыны падмываюцца з талеркі пасьля сьняданку, пакуль посуд яшчэ не забралі. Гэта адбываецца цяпер, у 2021 годзе ў эўрапейскай сталіцы. У краіне, якая так клапоціцца пра мацярынства і дэмаграфію, што ўскладняе і абмяжоўвае доступ жанчын да бясьпечных абортаў і пры гэтым пакідае іх (нас) бяз базавых гігіенічных сродкаў у зьняволеньні.

У такой сытуацыі дзьве прычыны. Па-першае, поўнае расчалавечваньне арыштаваных з палітычных матываў. Да людзей, чый адміністрацыйны арышт зьвязаны (хай часам і надумана) з палітычнай сытуацыяй, ставяцца як да ворагаў народу, якіх трэба калі ня зьнішчаць тут і цяпер, дык прыніжаць усімі даступнымі спосабамі. Па-другое, табуяванасьць тэмы месячных разам з пэўнай яе рамантызацыяй і «мультыфікацыяй». Калі я была падлеткам, на тэлевізіі было шмат рэклямы пракладак, але там ні разу не фігуравала ня тое што кроў — там гель ніколі ня быў чырвонага колеру.

І вось мы жывём у сучасным сьвеце зь неймаверна разьвітымі тэхналёгіямі, але пра месячныя шмат у каго дагэтуль засталіся нейкія пячорныя ўяўленьні, і гаварыць пра саму гэтую зьяву дагэтуль так сорамна, што словы «месячныя» і «мэнструацыя» замяняюць вялікай колькасьцю эўфэмізмаў. Але ж гэтыя эўфэмізмы не спрашчаюць нашае жыцьцё, а толькі спрыяюць вялікай праблеме.

Я не хачу ператвараць гэты тэкст у лекцыю па анатоміі і фізіялёгіі мэнструацый, таму скажу каротка: гігіена ў дні месячных надзвычай важная. У жанчын абавязкова мусіць быць доступ да цёплага чыстага душу, ня кажучы ўжо пра пракладкі, тампоны, мэнструальныя капы і іншыя сродкі гігіены. А тое, што адбываецца цяпер у беларускіх ізалятарах — сапраўдныя катаваньні, якія могуць мець доўгатэрміновыя наступствы для здароўя. У тым ліку рэпрадукцыйнага.

Наўрад ці дзяржаву моцна хвалюе сэксуальнае здароўе жанчын, калі сымптомы і наступствы хваробы не ўплываюць на рэпрадукцыйную функцыю арганізму. Але рэальнасьць такая, што яны ўплываюць. Праблемная флёра, хранічнае запаленьне, хранічны цысцыт, рэгулярны бактэрыяльны вагіноз — любы гінэколяг скажа, што ўсё гэта ў пэрспэктыве можа паўплываць на здольнасьць жанчыны зацяжарыць, вынасіць і нарадзіць здаровае дзіця.

Але ўлады вельмі рэдка цікавяцца, як навакольныя фактары ўплываюць на жаночую рэпрадукцыйную функцыю. І іхная зацікаўленасьць, калі яна зьяўляецца, часьцей за ўсё праяўляецца там, дзе жанчын можна ў нечым абмежаваць, спаслаўшыся на клопат пра нас жа. Менавіта так абгрунтоўваюць, напрыклад, сьпіс забароненых для жанчын прафэсій. Зьбіраць яблыкі з дрэва і кіраваць цягніком у мэтро жанчынам вельмі шкодна, а вось адседжваць несправядліва 5-10-15-20-25 сутак практычна бяз сродкаў гігіены — цалкам нармальна.

Вось чытаю я аповеды жанчын, якія нядаўна выйшлі з Акрэсьціна, і думаю, што быццам нічога не зьмянілася з ваенных 1940-х гадоў. Як тады жанчыны рвалі адзеньне на самаробныя пракладкі, так і цяпер рвуць. Толькі цяпер быццам пакуль не вайна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG