Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Брусэль «тармазнуў» у пытаньні вакцынацыі?


«Пакуль упэўненасьць у магчымасьці Эўразьвязу атрымаць вакцыну слабее, такія гульцы, як Расея і Кітай, гатовыя ўступіць са сваімі вакцынамі і могуць атрымаць некалькі значных піяр-перамог».

Студзень стаў пякельным месяцам для Эўрапейскай камісіі, — піша Рыкард Юзьвяк, рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў пытаньнях Эўропы.

У гэты час грамадзяне ЭЗ павінны былі б нарэшце пабачыць сьвятло ў канцы тунэлю, пачаўшы масавую вакцынацыю. Але прышчэпкі значна адстаюць ад графіку, Брусэль адкрыта паспрачаўся зь дзяржавамі-саюзьнікамі і буйнымі фармацэўтычнымі кампаніямі. Але, напэўна, самы моцны ўдар нанесла тое, што ён выставіў напаказ «лягістычную і палітычную некампэтэнтнасьць» Эўракамісіі, як некаторыя гэта называюць.

Усё пачалося некалькі тыдняў таму, калі фармацэўтычная кампанія AstraZeneca паведаміла, што скарачае заплянаваныя пастаўкі вакцын у ЭЗ на 60%, да 31 мільёна дозаў, пасьля збояў на фабрыцы ў Бэльгіі. Тыя пастаўкі павінны былі даць Эўразьвязу шанец нагнаць павольныя тэмпы вакцынацыі ў першым квартале 2021 году.

Многія дзяржавы-чальцы ЭЗ, якія і так ужо замарудзілі тэмпы прышчэпліваньня з прычыны праблемаў з вакцынамі ад Pfizer, былі вымушаныя наогул спыніць вакцынацыю.

Жарсьці ўспыхнулі, бо ЭЗ проста назіраў за распаўсюджваньнем інфэкцыі, за ўзроўнем сьмяротнасьці і жахлівым эканамічным прагнозам.

Яшчэ больш паспрыяла скандалу тое, што пастаўкі ад AstraZeneca ў Вялікую Брытанію, для параўнаньня, у асноўным выконваліся, а некаторыя зь іх паступалі з фабрык, разьмешчаных у Эўразьвязе.

Маючы статыстыку, якая сьведчыць, што ЭЗ у сярэднім выдзеліў толькі 2,6 дозы на 100 чалавек, у той час як Вялікая Брытанія — 12,5 дозы, а ЗША — 8,8, ня кажучы пра ізраільскія ўражальныя 45, Брусэль проста мусіў нешта рабіць.

Пасьля працяглых павольных рухаў Брусэль усё маўчаў. І раптам сыстэма, якая першапачаткова стваралася, каб прымусіць кампаніі, якія пастаўляюць вакцыны ў ЭЗ, паведамляць пра экспарт па-за межы блёку, днямі ператварыліся ў нешта вельмі падобнае да прамой забароны экспарту вакцыны з ЭЗ.

Выглядае, што гэтую зьмену выклікала адкрытае інтэрвію СЕО AstraZeneca Паскаля Сорыё італьянскаму выданьню La Repubblica, у якім ён адзначыў, што Вялікая Брытанія падпісала пагадненьне аб пастаўках вакцын на тры месяцы раней за Эўразьвяз — прычым, што ўразіла яшчэ больш, пагадненьне, падпісанае паміж фармацэўтычным гігантам і Эўразьвязам, не гарантавала прыярытэтных паставак.

Пасьля гэтага пачалася слоўная вайна, якую рэдка ўжывае звычайна дыпляматычная Эўракамісія, наконт таго, што на самой справе азначалі словы ў кантракце. І нават публікацыя значна адрэдагаванага дакумэнта яе не разьвязала.

Аднак праўдай было тое, што Эўразьвяз загадзя прафінансаваў вытворчасьць вакцын кампаніяй на 336 000 000 эўра — «скарміў кучу морквы, але так і не атрымаў чароўнай палачкі». Забарона на экспарт можа гэта зьмяніць.

Але неўзабаве Брусэль сутыкнуўся зь яшчэ большай праблемай. Выявілася, што Эўразьвяз, які раней скардзіўся на «вакцынавы нацыяналізм», мусіць адрасаваць гэтыя абвінавачаньні і сабе самому. Дзесяцігодзьдзямі прапаведуючы перавагі свабоднага гандлю, ЭЗ раптам стаў найбуйнейшым пратэкцыяністам. Павучаючы іншых прытрымлівацца вяршэнства права, ЭЗ раптам пачаў сам ствараць правілы, якія прыносяць яму перавагу і прыхоўваюць ранейшыя памылкі.

Пытаньне цяпер у тым, ці застанецца на пасадзе кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен. У Брусэлі ўжо ходзяць чуткі, што яна можа ахвяраваць сваім камісарам у гандлёвых пытаньнях Валдзісам Дамброўскісам або камісарам у пытаньнях здароўя Стэлай Кірыякідэс, каб застацца. Няясна, аднак, ці будзе гэтага дастаткова.

Адказаў на складаныя пытаньні да гэтага часу няма. Ці слушна было даць камісіі права ўзгадняць кантракты з фармацэўтычнымі кампаніямі ад імя ўсіх чальцоў ЭЗ?

Чаму камісія падпісала кантракты з шасьцю кампаніямі пазьней, чым іншыя заходнія дзяржавы, і ці валодае яна дастатковай кампэтэнтнасьцю, каб весьці такія важныя перамовы?

Трэба крыху абараніць і пазыцыю ЭЗ. Ня толькі Брусэль вінаваты ў тым, што кампаніі не ажыцьцявілі пастаўкі ў адпаведнасьці з абавязаньнямі ў кантрактах. У той час як багатыя краіны, такія як Нямеччына і Францыя, самастойна маглі б хутчэй вырашыць пытаньне, несумненна, што меншыя і бяднейшыя краіны, напрыклад Баўгарыя і Румынія, цяпер наогул засталіся б без заходніх вакцын, калі б не былі часткай агульнай праграмы Эўразьвязу.

Сярод прычын, чаму ЭЗ так доўга заключаў угоды, было тое, што ён не хацеў лішне траціць сродкі падаткаплатнікаў і настойваў, што адказнасьць у выпадку нэгатыўных пабочных эфэктаў будзе на фармацэўтычных кампаніях, таму адмаўляўся ад дазволу на выкарыстаньне вакцын у рэжыме надзвычайнай сытуацыі.

З гэтага ня варта сьмяяцца на кантынэнце, дзе квітнее скептыцызм адносна вакцынацыі. Многія эўрапейскія ўрады дагэтуль занепакоеныя інавацыйнай тэхналёгіяй матрычнай РНК, якая выкарыстоўваецца ў вакцынах Pfizer і Moderna.

Праўда, Эўразьвяз заўсёды настойваў, што значная пастаўка вакцын адбудзецца сёлета ў другім квартале — і гэта не зьмянілася.

Шмат што цяпер залежыць ад таго, ці выканае Эўразьвяз аптымістычнае абяцаньне Эўракамісіі, што 80% тых, каму за 80, і 70% дарослага насельніцтва атрымаюць прышчэпкі да лета. Цяпер гэта гучыць як фантастыка. А пакуль упэўненасьць у магчымасьцях Эўразьвязу атрымаць вакцыну слабее, такія гульцы, як Расея і Кітай, гатовыя ўвайсьці ў гульню са сваімі вакцынамі і могуць атрымаць некалькі значных піяраўскіх перамог.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG