Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Symbal.by замаўлялі прадукцыю дзяржаўныя прафсаюзы і БРСМ», — Белавус пра попыт да 300 сьцягоў у дзень у жніўні-верасьні


Павал Белавус у краме Symbal.by. 19 чэрвеня 2020 году.
Павал Белавус у краме Symbal.by. 19 чэрвеня 2020 году.

Грамадзкі дзеяч і бізнэсовец, дырэктар ТАА «Сымбаль Бай» Павал Белавус — пра затрыманьне супрацоўнікаў, сем гадоў працы папулярнай крамы, ціск уладаў, свой першы сьцяг і часы так званай мяккай беларусізацыі.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Тут фрагмэнты гутаркі, якая адбылася 1 лютага, калі за кратамі заставаліся супрацоўнікі офлайн-крамы Symbal.by Ксенія Міклашэўская, Вольга Ігнатовіч, Анастасія Трафімчык, Мікіта Броўка, якіх у суботу з офіса кампаніі забралі і завезьлі на Акрэсьціна.


Сьцісла

  • Забралі ўсё, з дапамогай чаго мы маглі б працягваць працу. І прадаваць няма чаго.
  • Увосень мытня перастала прапускаць нашыя пасылкі ў краіны ня Мытнага зьвязу. У Расею ішлі, а ў краіны ЭЗ, ЗША і Канаду не прапускалі. Больш за 200 пасылак да гэтага часу ляжыць на мытні.
  • Мы на 100% працавалі легальна. Прычына відавочная — я думаю, што гэта найперш зьвязана зь бел-чырвона-белым сьцягам.
  • Symbal.by 7 гадоў таму ўзьнік з той прычыны, што не было дзе набыць у вольным, легальным доступе бел-чырвона-белы сьцяг і розныя рэчы з «Пагоняй».
  • Якая б улада ні прыходзіла, яны назаўжды застаюцца сымбалямі, пад якімі Рэспубліка Беларусь стала незалежнай краінай.
  • Раней у нас быў попыт 100–200 сьцягоў у месяц. Падчас жнівеньскіх-верасьнёўскіх падзеяў — да 300 сьцягоў у дзень.
  • Мы падарылі Румасу дыск «Мова, музыка, футбол» і пагаварылі пра тое, што клясна і далей рабіць сумесныя акцыі, каб папулярызаваць беларускую мову праз спорт.


Што адбываецца з крамай Symbal.by

— Праблемы ў Symbal.by пачаліся яшчэ ў чэрвені, калі ў кур’ера канфіскавалі наклад маек з надпісам «ПСІХО3%». Пасьля былі праверкі з МНС, праблемы з электрычнасьцю, штраф за перавоз цішотак больш як на 2 тысячы рублёў. Symbal.by абвясьціў, што з 29 чэрвеня спыняе працу. 23 чэрвеня людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сымболікай, пакуль крама не зачынілася. Пад’ехаў аўтазак зь сілавікамі, адбыліся затрыманьні. У онлайн-рэжыме Symbal.by працаваў да 30 студзеня. Што цяпер будзе з крамай, якія варыянты разьвіцьця падзей вы разглядаеце?

— У нас забралі ўсю прадукцыю, ня толькі з «Пагоняй» і бел-чырвона-белыя сьцягі, а абсалютна ўсё — прадукцыю з арнамэнтам і проста прыгожыя сувэніры. Забралі дзьве бухгальтарскія шафы з дакумэнтамі. Забралі ўсе дакумэнты кампаніі, пячаткі, тры сыстэмныя блёкі ад кампутараў, усё, з дапамогай чаго мы маглі б працягваць працу. Цяпер прадаваць няма чаго. Кампутараў, празь якія вялася праца, таксама няма. Бухгальтаркі няма. Часова мы прыбралі ўсе тавары з сайта, бо ня хочам, каб людзі замаўлялі, бо мы ня зможам выканаць замовы.

Няясна, у чым справа і якія да нас прэтэнзіі. Нагадаю, што летам і аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага раёну да нас прыходзіў, і падатковая, якая запытала ў бухгальтаркі вялікую колькасьць дакумэнтаў. Практычна праверка летам ужо была, і тады, акрамя нараканьня наконт няправільнай перавозкі тавараў, больш нічога не было.

Па той гісторыі мы сплацілі штраф, але да гэтага часу Савецкі РУУС трымае нашу прадукцыю. Я хадзіў на прыём да начальніка РУУС, і мне было сказана: «Невядома, калі вернем, невядома, ці вернем наогул. Мы можам трымаць прадукцыю невядома колькі». Праводзілі праверку, справу не завялі, але прадукцыю не аддалі, а цяпер забралі амаль усё.

Іншыя праблемы ў нас узьніклі ўвосень з мытняй, якая перастала прапускаць нашыя пасылкі ў краіны ня Мытнага зьвязу. У Расею зь Беларусі пасылкі ішлі, але ў краіны ЭЗ, ЗША і Канаду іх не прапускалі. Больш за 200 пасылак да гэтага часу ляжаць на мытні. Розныя органы пачалі прыходзіць да кампаній, зь якімі мы супрацоўнічаем, якія нам пастаўлялі прадукцыю.

Мы на 100% працавалі легальна. Абсалютна ўсю прадукцыю закуплялі легальна, па дакумэнтах. У нас на кожную рэч ёсьць накладная, тавары афіцыйна адгружаліся, аплачваліся празь безнаяўны разьлік, усе супрацоўнікі былі нанятыя і працавалі легальна. Прычына відавочная — я думаю, што гэта найперш зьвязана зь бел-чырвона-белым сьцягам.

«У мільёнаў беларусаў сэрца ўжо бел-чырвона-белае»

— Ці можна забараніць бел-чырвона-белы сьцяг?

— Забараняй, не забараняй, гэта не адменіць таго, што ў мільёнаў беларусаў сэрца ўжо бел-чырвона-белае. 70 гадоў бел-чырвона-белы сьцяг фактычна быў пад татальнай забаронай у СССР, пра яго ня ведала большасьць інтэлігенцыі. Пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг ведалі самыя абазнаныя інтэлектуалы, гісторыкі, мастакі. І беларусы пачалі пра гэта даведвацца пры канцы 1980-х, калі пачалася гарбачоўская перабудова і вольніца. І як толькі СССР развальваецца, адразу гэтыя сымбалі становяцца нацыянальнымі, і менавіта пад гэтымі сымбалямі абвяшчаецца незалежная Рэспубліка Беларусь. Гэта клясычная гісторыя — калі ты забараняеш, яны становяцца больш папулярнымі і важнымі для людзей. Сымбаль становіцца яшчэ больш сымбалічным.

— Ці памятаеце вы свой першы бел-чырвона-белы сьцяг?

— Мой першы сьцяг быў у выглядзе паштоўкі, якую мне падарыла дзяўчынка з садку (такая савецкая традыцыя 23 лютага, якая засталася ў Беларусі). І ў мяне захавалася гэтая дзіцячая самаробная паштоўка зь бел-чырвона-белым сьцяжком. Я нарадзіўся ў 1987 годзе. 1990–1994 гады — садок і першая кляса школы, калі мяне вучылі, што гэта нашы нацыянальныя сымбалі. З маленства, зь дзіцячых гадоў гэта адклалася, засталося і будзе са мной назаўжды.

7 гадоў працы Symbal.by


— Symbal.by шмат гадоў адна з самых папулярных крамаў у Беларусі, дзе можна купіць рэчы, зьвязаныя зь беларускай сымболікай. Доўгі час вы працавалі пасьпяхова, да вас прыходзілі чыноўнікі, той жа прэмʼер Сяргей Румас. Ці памятаеце настроі людзей ва ўладзе ў часы так званай мяккай беларусізацыі?

— Крама адкрылася летам 2014 году, да гэтага мы рабілі розныя грамадзкія кампаніі, у тым ліку збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці і шмат іншых кампаній. Тады акунаньне ў гэтае пытаньне паказала, якая вялізная запатрабаванасьць гэтых сымбаляў. Symbal.by фактычна ўзьнік таму, што не было дзе набыць у вольным, легальным доступе бел-чырвона-белы сьцяг, розныя рэчы з «Пагоняй». Гэтага амаль не было. Першая мая ідэя была — паспрабаваць рызыкнуць. А чаму не?

Крама Symbal.by сьвяткуе свае 5 год
Крама Symbal.by сьвяткуе свае 5 год

Ад самага пачатку мы пазыцыянавалі, што гэта не апазыцыйны сымбаль, ня нейкі там калябаранцкі, а што бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» — гэта першыя дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь. Якая б улада ні прыходзіла, яны назаўжды застаюцца сымбалямі, пад якімі Рэспубліка Беларусь стала незалежнай краінай. Гэта была наша пазыцыя, і мы такім чынам і прасоўвалі нашу прадукцыю.

Да лета гэтага году ў нас не ўзьнікала праблемы з гэтай сымболікай. Гэта была першая прадукцыя, якая ў нас зьявілася, далей пачалі зьяўляцца рэчы з арнамэнтам, розныя рэчы на гістарычныя тэмы. Ужо 7 гадоў існуе крама. У нас замаўлялі прадукцыю як дзяржаўныя прафсаюзы, так і БРСМ (бралі ня бел-чырвона-белыя сьцягі, а нешта з арнамэнтам).

Нашыя ідэі пераймалі вялікія кампаніі, мы працавалі зь вялікай колькасьцю кампаній і карпарацый. Рабілі прома-прадукцыю дзясяткам дзяржаўных і недзяржаўных кампаній. Нас запрашаў форум Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, мы выставілі намёт з прадукцыяй і паказалі, якія сучасныя і модныя могуць быць беларускія сувэніры, а ня тыя, што традыцыйна ў ЦУМе, ГУМе прадаюцца.

Павал Белавус
Павал Белавус

Мы рабілі кампаніі з Фэдэрацыяй футболу, калі Румас узначальваў яе, з тым жа Міністэрствам надзвычайных сытуацый. У Беларусі праходзіў чэмпіянат сьвету па пажарным спорце, і на замову МНС мы выраблялі форму з арнамэнтам для беларускай зборнай для ўрачыстага адкрыцьця. Пры гэтым мы ніколі сваю пазыцыю не мянялі. Вялізную колькасьць сюжэтаў пра нас рабілі БТ і СТВ, усе пра нас ведалі і мы з усімі працавалі, а цяпер у адзін момант мы сталі ворагамі дзяржавы, экстрэмістамі ці кімсьці яшчэ. Праверкі, затрыманьні, АМАП...

— Адкуль столькі сьцягоў зьявілася на вуліцах менскіх гарадоў у жніўні-верасьні? Як чалавек, які шмат гадоў такую прадукцыю прадаваў, ці маглі вы ўявіць такую колькасьць сьцягоў?

Менск. 16 жніўня.
Менск. 16 жніўня.

— Раней у нас быў попыт 100–200 сьцягоў у месяц. Падчас жнівеньскіх-верасьнёўскіх падзеяў — 100, 200, 300 сьцягоў у дзень. Такую колькасьць мы як крама, як кампанія не маглі фізычна вырабіць і забясьпечыць. Адпаведна, людзі самі рабілі. Бел-чырвона-белы сьцяг вельмі проста пашыць. Ягоная прыгажосьць у тым, што ён вельмі проста робіцца ў хатніх умовах. Можна намаляваць на паперцы ў фармаце А4. Да таго ж беларусы — нацыя, якая ўмее шыць. Амаль у кожнага ў сямʼі ёсьць бабуля, маці, у якой ёсьць швейная машынка, і набыць тканіну і тры палоскі сшыць — гэта вельмі проста. Было шмат гісторый, калі ў крамах проста канчалася белая і чырвоная тканіна.

Нашая заслуга ў тым, што мы паказалі, што гэта модны, прыгожы і сапраўдны нацыянальны сымбаль. Далей справа за людзьмі і за іх крэатывам. Я ведаю, што вялікая колькасьць кампаній, якія займаюцца швейнай вытворчасьцю, друкам на тэкстылі, падхапілі гэта і пачалі вырабляць, таму што попыт фармуе прапанову. Прапановаў зьявілася вельмі шмат, і людзі самі рабілі Тыя ж сьцягі раёнаў, якіх пачала зьяўляцца неверагодная колькасьць.

— І кітайскія вытворцы хутка адчулі гэты попыт...

— Калі ўвесьці ў сеціве словы «флаг Беларуси», адразу зьявяцца дзясяткі прапановаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Тут іншая гісторыя. Нашу прадукцыю не выпускаюць зь Беларусі, а вялізную колькасьць пасылак з Кітаю ў Беларусь пачалі затрымліваць, і да гэтага часу пасылкі са сьцягамі з Кітаю ляжаць на мытні.

— Калі ўлады «правядуць» праз Палату прадстаўнікоў забарону на сьцяг і яго прызнаюць экстрэмісцкім, які ад гэтага эфэкт можа быць? Хто выйграе?

— Ніхто. Зноў прайграюць усе беларусы. Бо гэта стварэньне на пустым месцы ўнутранага канфлікту, калі сама дзяржава дзеліць беларусаў на «правільных чырвона-зялёных» і «няправільных бел-чырвона-белых». Мы сто разоў казалі, што ня супраць чырвона-зялёнага сьцяга, мы за тое, каб гэтыя сымбалі ўжываліся і мелі права на роўных выкарыстоўвацца.

Чаму мы спынілі працу з Фэдэрацыяй футболу? Калі кіраўніком Фэдэрацыі быў Сяргей Румас, быў момант, калі не чапалі на трыбунах людзей, якія ўздымалі гэтыя сымбалі. Як толькі ён сышоў, усё абваліліся, пачалі ня толькі затрымліваць на сэктарах, а нават казалі Фэдэрацыі, каб не пускалі заўзятараў з сымболікай і за мяжой падчас гульняў беларускай зборнай.

Наш мэсыдж быў пра тое, што мы гатовыя супрацоўнічаць з Фэдэрацыяй, гатовыя папулярызаваць, каб больш заўзятараў падтрымлівала каманду. У нас была адна ўмова, каб людзей зь бел-чырвона-белым сьцягам і цішотках з «Пагоняй» не чапалі, бо яны такія ж беларусы, такія ж патрыёты, такія ж заўзятары. У адзін момант усё скончылася, і мы адразу ж прыпынілі ўсе фарматы супрацы.

— Раскажыце пра знакамітае фота зь Сяргеем Румасам.

— Фота было зроблена на Кубку Беларусі па футболе. Гэта было ў Горадні. Мы рабілі перад матчам канцэрт і падвядзеньне вынікаў сумеснай акцыі «Мова, музыка, футбол» (запісвалі беларускамоўныя песьні беларускіх гуртоў, прысьвечаныя спорту, футболу). Быў канцэрт, потым матч, і нас запрасілі ў віп-лёжу, дзе былі чыноўнікі, Румас, прадстаўнікі фэдэрацыі, кіраўніцтва камандаў «Шахцёр» і «Дынама» (Берасьце), якія гулялі тады. Мы падарылі Румасу дыск «Мова, музыка, футбол» і крыху пагаварылі пра тое, што клясна і далей рабіць такія сумесныя акцыі, каб папулярызаваць беларускую мову праз спорт.


Як сьвяткаваць 25 сакавіка


— Вы адзін з арганізатараў вельмі ўрачыстага сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР і сьвяткаваньняў наступных гадоў. Чаго сёлета можна чакаць?

Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці 2019 году. Павал Белавус
Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці 2019 году. Павал Белавус

— Канечне, нам хацелася б зрабіць нешта якаснае, прыгожае і ўрачыстае. Што будзе ў лютым і сакавіку, цяжка прагназаваць, як немагчыма было спрагназаваць, што будзе ў жніўні. Канечне, спадзяёмся на нешта ўрачыстае і пазытыўнае. Пакуль не падавалі ніякіх заявак, ніякіх дазволаў не прасілі. Цяпер гэта бессэнсоўна рабіць. Летась якраз пачалася пандэмія, і мы паспрабавалі зрабіць онлайн-фармат. Ня ўсё атрымалася, бо нас пачалі глушыць і не даваць правесьці гэты онлайн. Сёлета, калі нічога да гэтага часу ня зьменіцца, ня верым у тое, што нешта легальнае і пазытыўнае атрымаецца правесьці. Я мару, каб у хуткім часе гэта стала сапраўдным нацыянальным сьвятам.

— Якая дапамога патрэбная Symbal.by

— Найперш чакаем вызваленьня супрацоўнікаў, каб узнавіць каманду, а потым будзем спрабаваць узнаўляць працу. У нашых сацсетках мы апублікавалі нумар карткі, на якую кожны ахвотны можа ахвяраваць пэўную невялікую суму, і гэтыя сродкі пойдуць на вырашэньне праблемаў, якія ў нас узьнікаюць цяпер — набыць часова тэхніку, разьлічыцца з адвакатамі, падтрымаць супрацоўнікаў, якія засталіся без заробкаў, аплаціць арэнду памяшканьня і гэтак далей.

У нас цяпер прадукцыі няма. Думаю, што месяц мы будзем прастойваць, пакуль з усімі гэтымі пытаньнямі разьбяромся. Мы актыўна разьвіваем сацсеткі, у нас папулярны ютуб і інстаграм, і мы заклікаем людзей падпісвацца, на ютубе ёсьць функцыя спонсарскай падпіскі. Мы амаль кожны дзень публікуем і аўтарскі кантэнт, і асьветніцкія матэрыялы. І падтрымаць нас можна праз падпіску на наш ютуб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG