Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат палітвязьня Няронскага заявіў пра поўную адсутнасьць абвінаваўчых доказаў у справе


Уладзімер Няронскі
Уладзімер Няронскі

Сяргей Лепеш ня ўбачыў ніводнага доказу, які б сьведчыў пра віну падабароннага ў грубым парушэньні грамадзкага парадку. Але пракурору гэта не перашкодзіла папрасіць для Няронскага 3 гады пазбаўленьня волі.

У аўторак, 2 лютага, у судзе Лагойскага раёну абвесьцяць прысуд палітвязьню Ўладзімеру Няронскаму, якога абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыі і падрыхтоўцы групай асобаў дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак па матывах ідэалягічнай і палітычнай варожасьці), піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Ляўковіч запрасіў у суду 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Гэта самае строгае пакараньне з усіх магчымых, якое можа панесьці Няронскі. Палітвязень цалкам прызнаў сябе вінаватым у абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму Янчэўскага, а паводле другога артыкулу абвінавачаньня — не.

Адвакат палітвязьня Сяргей Лепеш заявіў, што судовае пасяджэньне не ўстанавіла ніводнага злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК, таму просіць апраўдаць падабароннага па гэтым артыкуле.

Лепеш зьвярнуў увагу на тое, што Няронскі ўтрымліваецца пад вартай ужо больш за 7 месяцаў, а з улікам адміністрацыйнага затрыманьня — больш за 8 месяцаў. Пры гэтым ніякіх доказаў за такі працяглы пэрыяд не зьявілася. На яго думку, аўтар абвінавачаньня «абмежаваўся толькі агульнымі фразамі», якія носяць «выключна ацэначны характар» і сьведчаць хутчэй пра «яго стаўленьне да Няронскага, а таксама Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца і Сяргея Ціханоўскага».

У пастанове аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага прозьвішча Няронскага наогул ня згадваецца.

«У матэрыялах крымінальнай справы ў прынцыпе адсутнічаюць доказы, якія пацьвярджаюць названыя абставіны, няма ніводнага „закліку“, распаўсюджанага Севярынцам, Ціханоўскім альбо Статкевічам. Нікога зь іх у судовым пасяджэньні не дапытвалі. Крымінальныя справы на гэтых асобаў да цяперашняга часу не перададзеныя ў суд».

Няронскі пасьлядоўна адмаўляў сам факт наяўнасьці ў яго намеру на зьдзяйсьненьне якога-небудзь злачынства. Ён тлумачыў, што сапраўды не без дапамогі Ціханоўскага стварыў ютуб-канал «Слуцк для жизни». Але мэта яго стварэньня — асьвятленьне жыцьця Слуцкага рэгіёну.

«Няронскі толькі кажа аб тым, што ў 2020 годзе народ „выйдзе“. Пры гэтым ён заклікае не чапаць міліцыянтаў, абураючыся, што тыя езьдзяць на новых дарагіх машынах, а грошы, выдаткаваныя на іх набыцьцё, маглі быць выкарыстаныя на школы і садкі», — адзначае абаронца Няронскага.

2 лютага а 10:00 судзьдзя Аляксандар Рыбакоў агучыць прысуд. Праваабаронцы лічаць, што крымінальны перасьлед Няронскага мае выключна палітычныя матывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG