Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Няронскі ў турме перанёс каранавірус і мікраінсульт. На судзе ён заявіў пра прымусовае накіраваньне ў псыхіятрыю


Уладзімер Няронскі на акцыі ў Магілёве ў 2020 годзе, яшчэ да затрыманьня
Уладзімер Няронскі на акцыі ў Магілёве ў 2020 годзе, яшчэ да затрыманьня

У судзе Лагойскага раёну 13 студзеня працягваецца суд над аўтарам ютуб-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімерам Няронскім. На другі дзень паседжаньняў ён зноў зьвярнуў увагу на нялюдзкае абыходжаньне ў ізалятарах.

Да суду Ўладзімера Няронскага ўтрымлівалі ў жодзінскім сьледчым ізалятары № 8, а 6 студзеня зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Лагойскага РАУС, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». У першы дзень суду палітвязень заяўляў, што ў ягонай камэры няма ацяпленьня, кормяць адзін раз на дзень, замест прыбіральні — вядро.

У сераду пракурор Аляксандар Ляўковіч запытаў блогера, ці не пярэчыць той плянам зачытаць вынікі псыхіятрычнай экспэртызы. Той пагадзіўся.

«Няхай усе ведаюць, як працуе гэтая сыстэма. Калі мяне накіроўвалі ў Навінкі на тры тыдні, то сказалі, што трэба мяне кудысьці схаваць да выбараў. Так з усімі палітычнымі рабілі».

У сваёй прамове Няронскі асобна спыніўся на нечалавечых умовах утрыманьня ў Лагойскім ІЧУ. Ён адзначыў, што з 26 сьнежня ня быў у душы, а пасьцельную бялізну яму не мянялі два тыдні. Слуцкі блогер лічыць, што перажыў «253 дні зьдзекаў у чыстым выглядзе».

«Яны маральна мяне забіваюць, лепш бы дручком білі. Навядзіце парадак у Лагойскім ІЧУ! Мне тут кажуць: „Табе што, зладзіць салодкае жыцьцё тут?“ Гэта тыя, хто заступае на трэцюю зьмену. Выключаюць сьвятло ў 6 раніцы, людзі засынаюць, потым у 7:40 рэзка пачынаюць грукаць і крычаць: „Хутка есьці!“ Людзі падрываюцца, не разумеюць, дзе яны знаходзяцца».

Па словах Няронскага, у слуцкім ІЧУ ў яго здарыўся мікраінсульт, калі ён даведаўся пра нібыта знойдзеныя ў Сяргея Ціханоўскага на лецішчы грошы. А яму ў адказ на гэта толькі казалі: «Толькі не памірай на нашай зьмене».

«За 5 гадоў людзі столькі не праходзяць выпрабаваньняў, колькі я прайшоў за гэтыя 253 дні! Мяне самага першага пасадзілі, і на мне адпрацоўвалі ўсё!»

Няронскі нічога ня есьць у ізалятары, бо няма чаго, толькі раніцай зьядае «лыжку вінэгрэту». Таксама палітвязень расказаў, што перахварэў у турме на COVID-19 і пэўны час не адчуваў пахаў і смакаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG