Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Той год, што мне далі – я на адной назе перастаю!». Натхняльныя лісты ад палітвязьняў


Ліст палітвязьню. Ілюстрацыйны здымак

Тысячы лістоў пішуць беларусы палітвязьням. Некаторыя зь іх, як Сяргей Ціханоўскі, атрымліваюць 40-90 лістоў за раз. Часьцяком лісты не даходзяць, ці іх тыднямі не аддаюць адрасатам.

Свабода прааналізавала некаторыя лісты ад палітвязьняў. Скаргаў і нараканьняў там не знайшлося. Затое шмат удзячнасьці, надзеі, веры ў перамогу і натхненьня.

Натхненьне

«Фізычны і эмацыйны стан добры. Духам цьвёрды. За месяцы зьняволеньня ўпэўненасьці і перакананасьці не згубіў! Усе цяжкасьці толькі загартоўваюць мяне. Усё, што мы рабілі – не дарма!» (Юры Ўласаў)

«Нічога, прарвёмся! Перамога будзе за сьвятлом і праўдай. Цемра, якая агарнула Беларусь, хлусьня, мярзота і подласьць сыдуць – я ў гэтым упэўнены!» (Уладзімер Няпомняшчых).

«Я вытрываю ўсё і буду цярпець столькі, колькі будзе патрэбна» (Тацьцяна Канеўская)

«Я ў парадку. Бадзёры і энэргічны. Гэтыя працяглыя нязручнасьці і складанасьці ўспрымаю як непазьбежны этап, які неабходна прайсьці і перажыць. Я не губляю аптымізму». (Юры Ўласаў).

«Вельмі радуе стойкасьць і настойлівасьць беларусаў, нарэшце зьдзейсьніўся гэты «цуд», што народ паказаў сябе і сваё імкненьне адстойваць годнасьць і права, пра якія ўжо даўно забыліся тыя, хто пры ўладзе. Веру, што ў нас будзе яшчэ адно агульнанацыянальнае сьвята!» (Руслан Парфёнаў)

«А дно, пра якое ты пішаш... Мы яшчэ не дасягнулі дна. Дно будзе, калі не стане народу. Калі ня будзе каму сказаць: «Жыве Беларусь!» (Аляксей Раманаў).

Клопат пра іншых

«Зараз нашмат складаней і цяжэй тым, хто на «волі» (Юры Ўласаў).

«Ты толькі не адчайвайся, бо я тут заплачу!» (Аляксей Раманаў).

«Я ведаю, што цяпер адбываецца, і што «гэтыя» твораць... Я так бы хацеў зараз нечым дапамагчы людзям! Але не ведаю – як!» (Арцём Сакаў)

У шматлікіх лістах палітвязьні просяць сваіх блізкіх «берагчы сябе», «быць акуратнымі».

Жарты і самаіронія

«У мяне ўсе нармальна (сяджу:). Усяго хапае, ды і не пражэрлівы я» (Арцём Сакаў).

«Вось прыйшлі часы, як у Бібліі: бязногія пабягуць і глуханямыя закрычаць» (Сяргей Ціханоўскі).

«У мяне няма ніякай інфармацыі пра падзеі, толькі газэта «СБ – Беларусь Сегодня», але я навучылася чытаць паміж радкоў :) :) :) (Тацьцяна Канеўская)

«Суседзям прывітаньне. Надвор’е цяпер добрае – варта гуляць! Я б таксама з задавальненьнем, ды мяне не выпускаюць :)» (Сяргей Ціханоўскі).

«Я спадзяюся, што хутка выйду. Але хай будзе так, як будзе. Прасіцца і ўмольваць я не буду і не зьбіраюся. Тым больш – год. Ды я яго на адной назе перастаю!» (Аляксей Раманаў)

«І памятай: калі лопнула цярпеньне – надзімай новае :)» (Тацьцяна Канеўская)

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG