Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19-гадовую палітзьняволеную Рэнату Сьмірнову асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за блякаваньне дарогі


Рэната Сьмірнова
Рэната Сьмірнова

29 студзеня суд Заводзкага раёну Менску вынес прысуд 19-гадовай палітзьняволенай Рэнаце Сьмірновай, паведаміла «Вясна».

Судзьдзя Кацярына Мурашка прызнала яе вінаватай у актыўным удзеле ў беспарадках ( арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і прысудзіла два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, так званую «хатнюю хімію».

Рэната Сьмірнова была 1 лістапада на маршы пратэсту ў Менску. Калі затрымалі яе хлопца Івана Зубко, яна сама пайшла за ім у аўтазак.

Яе абвінавацілі ў блякаваньні транспарту і нанясеньні шкоды «Менсктрансу» больш як на 10 тысяч рублёў.

У судзе паказалі міліцэйскае відэа, на якім Сьмірнова стаіць сярод людзей на дарозе — ня ў першым шэрагу, без плякату і сымболікі.

Рэната сказала, што згодная з тым, што парушыла закон, але гэта ніяк ня цягне на крымінальны артыкул.

Адвакат прапанаваў закрыць справу, бо за адно правапарушэньне двойчы не прыцягваюць да адказнасьці, а за ўдзел у пратэсьце Рэнату ўжо асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу.

Пазоў «Менсктрансу» будуць разглядаць асобна.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG