Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне выйшла дзьвюхмоўная «Анталёгія беларускае паэтычнае рэвалюцыі»


Выданьне дзьвюхмоўнае — у яго ўключаныя арыгінальныя вершы 18 беларускіх паэтаў і іх пераклад на ўкраінскую мову.

Украінскае выдавецтва «Люта справа» выдала кнігу «„Бум-Бам-Літ“: анталёгія беларускае паэтычнае рэвалюцыі»

«Чытаньне ў ваннай амаль насупраць прэзыдэнцкага кабінэту! Паяданьне пудзіла пісьменьніка пад помнікам Янку Купалу! Кіданьне мяса на сцэне альбо дэклямаваньне вершаў падчас катаньня на роліках! Усё гэта — забаўкі, якія вельмі крута ўвасаблялі ў сярэдзіне 1990-х — пачатку 2000-х сябры беларускага мастацкага руху „Бум-Бам-Літ“.

Больш за дваццаць гадоў таму ў Менску, дзе яшчэ жылі паважаныя народныя паэты, пачалося вясёлае і настойлівае разбурэньне межаў літаратуры і сьцьвярджэньне сьмелых экспэрымэнтаў з тэкстам», — такім чынам анансуе выдавецтва паэтычную зборку.

Выданьне ўклаў украінскі паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Вячаслаў Лявіцкі, які аб’яднаў калектыў маладых пісьменьнікаў. Вершы, эсэ, успаміны і дзёньнікавыя нататкі Альгерда Бахарэвіча, Міхася Башуры, Зьмітра Вішнёва, Віктара Жыбуля, Вальжыны Морт і шэрагу іншых беларускіх творцаў пераклалі на ўкраінскую мову Дзьмітро Лазуткін і Юлія Стахоўская, Багуслаў Поляк, Ірына Сажынская, Лэсік Панасюк і іншыя.

Анталёгію адкрывае прадмова даўняга сябра беларускага паэтычнага руху, украінскага літаратара Сяргея Жадана.

Вячаслаў Лявіцкі, архіўнае фота
Вячаслаў Лявіцкі, архіўнае фота

«2020 год унёс карэктывы ў працу над анталёгіяй. Мы думалі пра паэтычную рэвалюцыю, а сталі сьведкамі гістарычнай рэвалюцыі. Аднак мы не зьвярталіся да пустой патэтыкі — толькі зьмясьцілі першым у кніжцы знакавы верш Альгерда Бахарэвіча і зрабілі вёрстку бел-чырвона-белай — ідэя нашага крэатыўнага выдаўца», — кажа ініцыятар анталёгіі Вячаслаў Лявіцкі.

Паводле яго, творы некаторых аўтараў, у тым ліку Лявона Вольскага, Усевалада Гарачкі, Віктара Жыбуля, Алены Кіені і Дзяніса Хвастоўскага надрукаваныя ўпершыню ня толькі ў перакладзе, а і ў арыгінале. У часе падрыхтоўкі выданьня Вячаслаў Лявіцкі азнаёміўся з архівам беларускага паэтычнага руху з прыватнай калекцыі Віктара Жыбуля.

«Асаблівасьць выданьня яшчэ і ў ілюстрацыях, якімі сталі фатаздымкі відаў Менску, зробленыя Юліяй Цімафеевай», — дадаў Вячаслаў Лявіцкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG