Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў 3 гады абмежаваньня волі студэнту БДУІР


Арцём Вінакураў

Сваю віну Арцём Вінакураў прызнаў віну толькі ў тым, што перашкаджаў правядзеньню вучэбнага працэсу. Алё ён адмаўляе віну ў арганізацыі групавых дзеяньняў. Пракурор папрасіў 3 гады «хіміі».

На працэсе над студэнтам БДУІР Арцёмам Вінакуравым, якога абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342 КК), адбыліся судовыя спрэчкі.

«Віну прызнаў часткова»

Памочнік пракурора Савецкага раёну Раман Чабатароў сьцьвярджае, што Вінакураў нанаўмысна разам зь нявызначанымі асобамі ў мэтах зрыву вучэбнага працэсу арганізаваў і браў удзел у групавых дзеяньнях, заклікаў студэнтаў пакінуць заняткі, удзельнічаць у несанкцыянаваных мітынгах; выкрыкваў лёзунгі. На заклікі дэкана і ахоўніка не рэагаваў. Гэта, маўляў, прывяло да частковага зрыву вучэбнага працэсу і недаатрыманьня ведаў студэнтамі.

Вінакураў віну прызнаў часткова — што перашкаджаў навучальнаму працэсу, — але адмаўляе віну ў арганізацыі групавых дзеяньняў.
Уступіў у спрэчку з дэканам Шыліным — гэта пацьвярджаецца відэазапісам, а таксама сьведчаньнямі самога Шыліна і паказаньнямі сьведак.

Дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць Арцёма Вінакурава
абмежаваньнем свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.

«Няма доказаў у арганізацыі групавых дзеяньняў»

Адвакат Андрэй Доўнар спрабаваў пераканаць суд, што абвінавачаны прызнаў віну, прычым не часткова, як сьцьвярджае пракурор.

«Так, мой падабаронны парушыў вучэбны працэс. Але што тычыцца арганізацыі дзеяньняў, гэтую кваліфікацыйную прыкмету прашу выключыць. Адзіны, з кім кантактаваў Вінакураў, — карыстальнік тэлеканалу зь нік-нэймам „Лік“.

Дэкан факультэту інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня БДУІР Леанід Шылін на судзе 27 студзеня
Дэкан факультэту інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня БДУІР Леанід Шылін на судзе 27 студзеня

Калі Вінакураў прыйшоў ва ўнівэрсытэт, студэнты ўжо сабраліся. Ён пайшоў не наперадзе, а часьцяком у сярэдзіне ці канцы калёны. Пасьля абыходу аўдыторый нікога не інфармаваў, як прайшла акцыя, справаздачы не трымаў. Падбору ўдзельнікаў, арганізацыі, вызначэньня лідэра і гэтак далей не было. А 10-й Вінакураў сышоў з унівэрсытэту, а студэнты працягвалі акцыю на ганку БДУІР ужо безь яго», — кажа адвакат Андрэй Доўнар.

Матэрыяльнай шкоды ўнівэрсытэту Вінакураў не нанёс, матэрыял студэнтам выкладчыкі данесьлі. Ніякіх наступстваў для студэнтаў не было — усе здалі сэсію.

«Няма доказаў у арганізацыі групавых дзеяньняў. Не было папярэджаньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі, акрамя дэкана Шыліна», — кажа адвакат Андрэй Доўнар. І просіць прызначыць пакараньне, не зьвязанае з абмежаваньнем волі.

«За 3 месяцы пад вартай шмат што зразумеў і ўсьвядоміў. Прашу даць мне шанец»

У апошнім слове Арцём Вінакураў віну прызнаў, папрасіў прабачэньня перад бацькамі, выкладчыкамі, студэнтамі.

«Віну прызнаю. Разумею, што мае дзеяньні ўскладнілі жыцьцё мне, маім бацькам, прымусілі іх хвалявацца, перажываць. Прыношу прабачэньні бацькам. Хачу прынесьці прабачэньні таксама выкладчыкам і студэнтам — калі я перашкодзіў правядзеньню заняткаў ці іх пакрыўдзіў. За 3 месяцы пад вартай я шмат што зразумеў і ўсьвядоміў. Хацеў бы вярнуцца ва ўнівэрсытэт, працягнуць вучобу, бо навучаньне там цікавае і выкладчыкі даюць актуальныя і карысныя веды. Прашу даць шанец», — сказаў у апошнім слове Арцём Вінакураў.

Прысуд будзе вынесены 29 студзеня апоўдні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG