Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі не пацьвердзілі інфармацыі нямецкай пракуратуры аб знаходжаньні ў краіне зьбеглага топ-мэнэджара Wirecard


Офіс Wirecard у мястэчку Ашхайм пад Мюнхэнам, Нямеччына
Офіс Wirecard у мястэчку Ашхайм пад Мюнхэнам, Нямеччына

Генэральная пракуратура Беларусі заявіла, што не атрымлівала просьбы выдаць топ-мэнэджара кампаніі Wirecard Яна Марсалека. Дзяржпагранкамітэт і МУС ня маюць пра яго ніякай інфармацыі.

Такую пазыцыю агучыла начальніца ўпраўленьня ўзаемадзеяньня са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасьці Генпракуратуры Анжаліка Курчак, паведамляе «Інтэрфакс». Паводле яе, «кампэтэнтныя органы юстыцыі Нямеччыны ў пытаньні выдачы Яна Марсалека не зьвярталіся» да беларускага боку.

Яна ўдакладніла, што кантроль за перасячэньнем мяжы Рэспублікі Беларусь адносіцца да кампэтэнцыі Дзяржпагранкамітэту, а кантроль за знаходжаньнем замежных грамадзян на тэрыторыі краіны ажыцьцяўляе МУС.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэту Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў, што Марсалека органы памежнай службы не затрымлівалі, а прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава ў адказ на запыт агенцтва аб магчымасьці знаходжаньня Марсалека на тэрыторыі Беларусі ў цяперашні час адказала, што ня мае інфармацыі.

Газэта Financial Times 25 студзеня апублікавала матэрыял, у якім сьцьвярджаецца, што паліцыя Вены арыштавала былога супрацоўніка сакрэтнай службы Аўстрыі і былога дэпутата парлямэнту, якіх вінавацяць у арганізацыі ўцёкаў Марсалека ў Беларусь. Па зьвестках газэты, грамадзянін Аўстрыі Марсалек зьнік зь Мюнхэну ў чэрвені 2020 году, якраз за некалькі дзён да выдачы пракуратурай Нямеччыны ордэру на яго арышт.

Цяперашняе месцазнаходжаньне Марсалека невядомае. Financial Times напісала, што ўлетку ён паляцеў з Аўстрыі ў Менск на прыватным самалёце, заплаціўшы пілётам гатоўкай. Арыштаваныя ў Вене асобы, па дадзеных паліцыі, і былі арганізатарамі таго пералёту.

Wirecard — нямецкая сыстэма аплаты, якая яшчэ нядаўна мела капіталізацыю ў 24 млрд эўра, як выявілася, сыстэматычна скажала справаздачнасьць, утойвала страты і стварала бачнасьць глябальнага і пасьпяховага бізнэсу. Пасьля падман выкрылі, кампанія збанкрутавала, а супраць яе кіраўнікоў, перш за ўсё былога гендырэктара Маркуса Браўна, пачалі крымінальныя справы.

Улетку ў СМІ выказваліся здагадкі, што Марсалек, які быў галоўным апэрацыйным дырэктарам плацежнага сэрвісу, схаваўся ў Расеі, аднак расейскія ўлады гэта адмаўлялі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG