Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дасье»: дырэктар Wirecard дзейнічаў у інтарэсах расейскай выведкі


Штаб-кватэра Wirecard пад Мюнхэнам.
Штаб-кватэра Wirecard пад Мюнхэнам.

Былы апэрацыйны дырэктар нямецкай плацежнай сыстэмы Wirecard Ян Марсалек, падазраваны ў Нямеччыне ў крадзяжы грашовых сродкаў на суму каля 2 мільярдаў эўра, зь вялікай доляй імавернасьці супрацоўнічаў з расейскімі спэцслужбамі і дзейнічаў у іх інтарэсах.

Пра гэта сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні цэнтру «Дасье».

У прыватнасьці, Марсалек мог дапамагаць перавозіць буйныя сумы найўных грошай — у тым ліку для адмываньня сродкаў і фінансаваньня выгодных Крамлю заходніх палітыкаў.

Журналісты, вывучыўшы дадзеныя пара авіяпералёты і паразмаўляўшы зь дзясяткамі крыніцаў, блізкіх да кіраўніцтва Wirecard, выявілі, зь кім часьцей за ўсё кантактаваў Марсалек. Сярод яго асноўных кантактаў — Андрэй Чупрыгін, якога выданьне называе «палкоўнікам ГРУ». Паводле зьвестак «Дасье», Чупрыгін неаднаразова лётаў з Марсалекам у краіны Блізкага Усходу пад прыкрыцьцём разьвіцьця бізнэсу. Насамрэч жа, як сьцьвярджаецца, Марсалек займаўся стварэньнем і фінансаваньнем прыватных ваенных кампаній. Адным зь яго плянаў было перакрыцьце з дапамогай наймітаў паўднёвай мяжы Лібіі, каб атрымаць кантроль над хвалямі ўцекачоў і выкарыстоўваць гэта ў якасьці рычага ўплыву на суседнія краіны, а таксама на эўрапейскіх палітыкаў.

Таксама цэнтар «Дасье» выявіў, што адна зь бізнэс-структураў, якія належаць Марсалеку, некалькі гадоў таму падпісала кантракт на дзесяць мільёнаў даляраў з расейскай прыватнай ваеннай кампаніяй «РСБ-Груп» — нібыта на разьмінаваньне цэмэнтнага завода ў лібійскім горадзе Бэнгазі. У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што пасярэднікам ў пагадненьні выступіў грамадзянін Расеі Станіслаў Пятлінскі, якога Марсалек прадстаўляў сваім калегам як «лідэра наймітаў» па мянушцы Стас або Стані.

У «Дасье» выявілі, што Пятлінскі зьяўляецца былым супрацоўнікам апарату Дзярждумы і Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта Расеі. У сакавіку 2019 году ён раптам зьмяніў прозьвішча, імя і імя па бацьку і атрымаў новы пашпарт на імя Барыса Мікалаевіча Грына. Гэты пашпарт быў выдадзены ў тым жа аддзяленьні Фэдэральнай міграцыйнай службы, якое забясьпечыла падробленымі дакумэнтамі супрацоўнікаў расейскай выведкі Анатоля Чапігу і Аляксандра Мішкіна, якіх брытанскія ўлады падазраюць у атручваньні «Навічком» былога супрацоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі.

Дадзеныя пра авіяпералёты, як сказана ў расьсьледаваньні «Дасье», «дазваляюць меркаваць», што Пятлінскі выдатна знаёмы і з «палкоўнікам ГРУ» Чупрыгіным — у прыватнасьці, у 2017 годзе яны разам лёталі зь Ніцы ў Маскву, а годам пазьней сумесна наведалі Дубай. Акрамя таго, Чупрыгін і Пятлінскі знаёмыя з высокапастаўленымі чыноўнікамі і супрацоўнікамі спэцслужбаў Аўстрыі, якія, як мяркуюць «Дасье», дапамаглі Марсалеку схавацца ад нямецкай паліцыі пасьля таго, як яна ім зацікавілася. Паводле рассьледаваньня, цяпер былы дырэктар Wirecard можа хавацца ў адной з рэзыдэнцый ГРУ ў Падмаскоўі.

У камэнтары нямецкаму выданьню Süddeutsche Zeitung Андрэй Чупрыгін пацьвердзіў, што кантактаваў з Марсалекам, паколькі некалькі гадоў таму «пагадзіўся стаць яго кансультантам у пытаньнях бясьпекі на Блізкім Усходзе». Ён таксама пацьвердзіў, што зьяўляецца палкоўнікам, але ў адстаўцы. Пры гэтым Чупрыгін сьцьвярджае, што ніколі не служыў у ГРУ, а працаваў ваенным перакладчыкам у войску. Цяпер ён афіцыйна лічыцца сузаснавальнікам дабрачыннага фонду абароны помнікаў Пальміры, зарэгістраванага ў кастрычніку 2017 году.

Станіслаў Пялінскі таксама адмаўляе сваю сувязь з расейскімі спэцслужбамі. Пры гэтым ён пацьвердзіў, што знаёмы з Марсалекам, лётаў зь ім на Блізкі Усход і наведваў яго вілу ў Нямеччыне, дзе нібыта вёў з бізнэсоўцам сьвецкія гутаркі пра «жывапіс, палітыку і дзяўчат».

  • Кампанія Wirecard, якая валодае аднайменнай аплатнай сыстэмай, працавала з кліентамі і транзакцыямі, якія для іншых апэрацыйных сыстэм лічыліся занадта рызыкоўнымі. Паводле заходніх СМІ, гэта прыцягвала прадстаўнікоў «ценявой эканомікі» і спэцслужбаў некалькіх краінаў сьвету, у ліку якіх і Расея, якія займаліся праз Wirecard адмываньнем і вывадам грашовых сродкаў.
  • Улетку 2020 года Wirecard падала заяву аб банкруцтве. Аўдытарская праверка выявіла, што з рахункаў кампаніі зьніклі каля двух мільярдаў эўра. Кіраўнік Wirecard Маркус Браўн быў арыштаваны. Яшчэ адзін падазраваны ў крадзяжы сродкаў, апэрацыйны дырэктар кампаніі 40-гадовы грамадзянін Аўстрыі Ян Марсалек, схаваўся. Паводле дадзеных расьсьледаваньня групы Bellingcat і яе партнэраў, пасьля таго як раскрылася зьнікненьне 2 мільярдаў эўра ён вылецеў у Менск, пасьля чаго ягоныя сьляды губляюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG