Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Італіі падаў у адстаўку


Джузэпэ Контэ

Прэмʼер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ ў аўторак падаў у адстаўку. Пра гэта паведамілі ў канцылярыі прэзыдэнта Сэрджыё Матарэлы.


Рашэньне аб адстаўцы чакалася пасьля таго, як урад Контэ страціў абсалютную большасьць у Сэнаце. Гэта стала наступствам сыходу з ураду прадстаўнікоў партыі былога прэмʼера Матэа Рэнца праз спрэчкі аб стратэгіі барацьбы з каранавірусам і рэцэсіяй у эканоміцы.


Як пішуць італьянскія СМІ, Контэ спадзяецца сфармаваць новы кабінэт. Яго па-ранейшаму падтрымліваюць вядучыя партыі цяперашняй кааліцыі: папулісцкі Рух пяці зорак і левацэнтрысцкая Дэмакратычная партыя.

Прэзыдэнт пачне кансультацыі зь лідэрамі партый. Калі ўрад скласьці ня ўдасца, у краіне могуць прайсьці датэрміновыя выбары. За іх выступае правая апазыцыя — «Ліга» Матэа Сальвіні, якая раней уваходзіла ў кіруючую кааліцыю, але потым выйшла зь яе, і партыя Сыльвіё Бэрлюсконі.

Па апытаньнях, Контэ досыць папулярны, аднак ён беспартыйны і наўпрост не зьвязаны зь ніводнай з палітычных сілаў.

Па Канстытуцыі Італіі, абедзьве палаты парлямэнту фактычна раўнапраўныя — бяз большасьці ў Сэнаце ўраду практычна немагчыма дамагацца ўхваленьня неабходных законапраектаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG