Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у сьвеце. Ізраіль закупіць 8 мільёнаў доз вакцыны, карантын у Італіі, антырэкорды ва Ўкраіне і Расеі


Народны манумэнт у Пецярбургу мэдыкам, якія загінулі праз каранавірус
Народны манумэнт у Пецярбургу мэдыкам, якія загінулі праз каранавірус

Ізраіль дамаўляецца з Pfizer, каб атрымаць 8 мільёнаў доз вакцыны супраць COVID-19. Італія пашырае зону карантыну на новыя рэгіёны, у ЗША абмяжоўваюць працу фірмаў і кампаній, не зьвязаных з вытворчасьцю і продажам тавараў першай неабходнасьці.

Паводле дадзеных Унівэрсытэту Джонза Гопкінза, колькасьць захворваньняў на COVID-19 ва ўсім сьвеце перавысіла 53 млн, у першай пяцёрцы краінаў — ЗША, Індыя, Бразылія, Францыя і Расея. Першая пяцёрка краінаў з самай высокай сьмяротнасьцю выглядае крыху інакш: Злучаныя Штаты Амэрыкі, Бразылія, Індыя, Мэксыка, Вялікая Брытанія, паведамляе ВВС.

Ізраіль: «Кожны чалавек павінен атрымаць дзьве дозы вакцыны»

Ізраіль атрымае ад Pfizer, адразу пасьля выпрабаваньняў, восем мільёнаў доз вакцыны. Гэта падмацуе імунітэт чатырох мільёнаў грамадзян краіны, заявіў прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу. Адпаведнае пагадненьне бакі падпісалі 13 лістапада.

«Кожны чалавек павінен атрымаць дзьве дозы вакцыны. У ідэале пастаўкі вакцыны Pfizer пачнуцца ў студзені і павялічацца ў бліжэйшыя месяцы. Наша нацыянальная задача — забясьпечыць вакцынацыю ўсім у Ізраілі, усім без выключэньня», — заявіў прэмʼер-міністар.

Украіна: «Гэта вайна» — міністар аховы здароўя

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, за мінулыя суткі было зарэгістравана 12 524 новых выпадкаў, што стала новым антырэкордам у параўнаньні з папярэднім днём, калі было выяўлена 11 787 новых хворых. Агульная колькасьць тых, хто захварэў, складае 525 176 чалавек.

«Гэта вайна. Кожны дзень гэты вірус забірае жыцьцё ўкраінцаў», — сказаў міністар аховы здароўя Максім Сьцяпанаў.

Італія: жорсткі карантын для Кампаніі і Тасканы

Італія дадала Кампанію і Таскану да так званых «чырвоных зон», у якіх ад нядзелі ўводзіцца жорсткі карантын. Улады Кампаніі, у якую ўваходзіць Нэапаль, раней папярэдзілі, што сыстэма аховы здароўя на мяжы краху. Напярэдадні колькасьць новых выпадкаў захворваньня ў Італіі перавысіла 40,9 тысячы чалавек — гэта новы рэкорд для краіны.

ЗША: абмяжоўваюць працу бізнэсу

Штаты Арэгон і Нью-Мэксыка абвясьцілі пра карантынныя захады з прычыны росту выпадкаў каранавірусу. Улады закрываюць большасьць кампаній, якія не зьвязаныя з вытворчасьцю або продажам тавараў першай неабходнасьці, а таксама заклікалі жыхароў абмежаваць сацыяльныя кантакты. У пятніцу Каліфорнія стала другім штатам, дзе колькасьць тых, хто заразіўся, перавысіла адзін мільён, першым гэтую адзнаку пераадолеў Тэхас. Штодня ў ЗША праз каранавірус памірае каля 900 чалавек.

Расея: новы антырэкорд

У Расеі трэці раз за тыдзень абнавіўся максымум заражэньняў за суткі. За дзень 14 лістапада захварэлі 22 702 чалавекі. Ад пачатку эпідэміі выяўлена 1 903 253 выпадкі заражэньня.

Беларусь: чацьвёрты дзень запар — рэкордная колькасьць хворых на каранавірус

Паводле Міністэрства аховы здароўя, за дзень у Беларусі зарэгістравалі 1248 новых выпадкаў каранавірусу, днём раней было 1167. Рэкордны прырост хворых фіксуецца чацьвёрты дзень запар. Афіцыйна агулам за ўвесь час пандэміі з канца лютага ў Беларусі захварэлі 112 870 чалавек, паправіліся 94 337 чалавек (767 за мінулы дзень). За дзень памерлі 6 чалавек, усяго 1039.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG