Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьцю палітвязьняў Лукашэнка абагнаў Брэжнева


Тыя, хто ведаў Лукашэнку ў гады ягонага дэпутацтва (пачатак 90-х), пацьвердзяць, што выказваньне хоць мінімальнай нязгоды зь ягонай думкай выклікала ў яго дзіцячую крыўду (здаралася, ён нават плакаў); ён не размаўляў з чалавекам месяцамі. Гэтая ўласьцівасьць засталася б праблемай працоўных саўгасу «Гарадзец», але вось ужо 26 гадоў яна вызначае стыль узаемаадносін найвышэйшага кіраўніка краіны з падначаленымі.

Сьмешна назіраць, як міністры і нават кіраўнікі палатаў так званага «парлямэнту» ускокваюць па стойцы «сьмірна» на нарадах, гатовыя паслухмяна прыняць да выкананьня любую ахінею, якую выкажа Лукашэнка.

«Аднадумства» зрабілася часткай дзяржаўнай ідэалёгіі, і ў апошні час устаноўкай для дзейнасьці сілавых структураў. Суды прымаюць сьведчаньні міліцыянтаў кшталту абсурднага «падтрымалі пратэсты ў выглядзе кармленьня бамжоў», як гэта было ў Кастрычніцкім судзе г. Менску, ці проста пра «нязгоду зь дзейнай уладай».


Гэта вельмі трывожны сымптом. За проста «нязгоду з уладай» ці проста «падтрымку пратэстаў» у часы позьняга Хрушчова і Брэжнева не судзілі. Калі ўявіць, што на нейкім менскім заводзе ў 1968 нехта з рабочых выказаў падтрымку пратэставай акцыі на Краснай плошчы супраць уводу войскаў у Чэхаславаччыну, — гэта было б зафіксавана супрацоўнікам КДБ, сам рабочы быў бы пазначаны як нядобранадзейны, але ніякіх вынікаў для яго б гэта ня мела. У выпадку, калі б ён пачаў раздаваць самвыдат, зь ім правялі б «прафіляктычную гутарку» у КДБ. І ўжо толькі пры сыстэматычным распаўсюдзе самвыдату ці арганізацыі нейкай акцыі была б распачатая крымінальная справа.

Гэтым і тлумачыцца параўнальна невялікая для шматмільённага СССР колькасьць асуджаных «антысаветчыкаў» у часы Брэжнева. У 1976 годзе ў Нобэлаўскай лекцыі акадэмік Сахараў гаварыў пра 126 вязьняў сумленьня ў СССР. У Беларусі іх сёньня амаль 200.

Пры Сталіну, якога Лукашэнка неаднаразова называў сваім кумірам, за адно толькі выказваньне нязгоды зь «лініяй партыі» лёгка маглі асудзіць. Як і ў сёньняшняй Беларусі — за «нязгоду зь дзейнай уладай», палічыўшы гэта пікетам. Розьніца толькі ў тэрмінах зьняволеньня і маштабах рэпрэсій. Але, як казаў Ёсіф Вісарыёнавіч, «нет таких крепостей, которых большевики не могли бы взять».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG