Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна крымінальная справа пра абразу Лукашэнкі: за п’яныя выказваньні ў грамадзкіх месцах


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота.

Крымінальную справу завялі на жыхара Рэчыцы Уладзімера Міхалку.

У сьнежні яго затрымалі, паведамляе «Палеская Вясна».

Як лічаць у Сьледчым камітэце, яшчэ 1 верасьня 2020 году Ўладзімер Міхалка, у час, калі ў дачыненьні да яго вёўся адміністрацыйны працэс, у раённай лякарні, у будынку РАУС і ў іншых грамадзкіх месцах у прысутнасьці іншых грамадзян шматкроць публічна выказваў абразы ў адрас Лукашэнкі. Паводле зьвестак сьледчых, Міхалка ў гэты час знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Пра ўчынак Міхалкі ўспомнілі толькі амаль праз тры месяцы, калі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў на яго крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу. На той час Уладзімер Міхалка хаваўся і адразу затрымаць яго не ўдалося.

21 сьнежня 2020 году сьледчы ў асабліва важных справах Рэчыцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Дзьмітры Локцеў вынес пастанову аб правядзеньні ператрусу ў адным з прыватных дамоў, дзе, на ягоную думку, мог хавацца Міхалка. Там яго знайшлі і затрымалі.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, цяпер Уладзімера Міхалку ўтрымліваюць у Гомельскім СІЗА. Мужчыну можа пагражаць да двух гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG