Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльныя сеткі ў Расеі блякуюць анонсы акцыяў пратэсту


Аляксей Навальны на фоне постэра з Крамлём перад затрыманьнем паліцыяй
Аляксей Навальны на фоне постэра з Крамлём перад затрыманьнем паліцыяй

Сацыяльная сетка «Ўкантакце» заблякавала для карыстальнікаў з Расеі большасьць старонак, прысьвечаных заплянаваным на 23 студзеня акцыям пратэсту. На гэта зьвярнула ўвагу выданьне «МБХ медиа».

Падпісчыкам з расейскіх IP-адрасоў паведамляецца, што старонкі закрытыя на патрабаваньне Генэральнай пракуратуры.

Старонкі ствараліся рэгіянальнымі штабамі прыхільнікаў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Ён быў затрыманы ў Падмаскоўі 17 студзеня і адпраўлены на месяц у маскоўскае СІЗА «Матроская цішыня».

Акцыі пратэсту заплянаваныя прыхільнікамі Навальнага ў буйных расейскіх і замежных гарадах. Плянуецца запатрабаваць вызваленьня палітыка і выступіць супраць карупцыі ў расейскай уладзе. Праваахоўныя органы расейскіх рэгіёнаў паведамляюць пра незаконнасьць мерапрыемства, у Татарстане загадзя завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках.

Шэраг журналістаў і палітыкаў атрымалі перасьцярогі ад удзелу ў акцыях і заклікаў да іх. Супрацоўнікаў штабоў і фондаў Навальнага затрымліваюць і арыштоўваюць па ўсёй Расеі. Юрысту Фонду барацьбы з карупцыяй Уладлену Ласю загадалі пакінуць Расею, у яго беларускае грамадзянства.

Генэральная пракуратура Расеі папярэджвае аб магчымай адказнасьці сайты і сацсеткі, дзе публікуюцца паведамленьні з заклікамі выйсьці на акцыі. У пракрамлёўскіх выданьнях і ў блогераў, якія разьмяшчаюць рэкляму, ідзе кампанія па абвінавачваньні прыхільнікаў Навальнага ва ўцягваньні ў пратэсты непаўналетніх (тры гады таму за гэта быў уведзены асобны артыкул Крымінальнага кодэксу).

Раскамнагляд у пятніцу паведаміў, што сацсеткі пачалі выдаляць «заклікі да дзяцей удзельнічаць у незаконных масавых мерапрыемствах». Да раніцы 22 студзеня, паводле зьвестак ведамства, у TikTok выдалілі 38 адсоткаў ад выяўленых заклікаў, «Укантакце» і ў YouTube — 50 адсоткаў, а ў Instagram — 17 адсоткаў. Чаму сеткі не выдалялі астатняга — не ўдакладняецца.

Ніводная з акцый у суботу ня ўзгодненая з уладамі. Прыхільнікі Навальнага і апазыцыя сьцьвярджаюць, што маюць права на мірнае выказваньне пратэсту. Радыё Свабода ад самай раніцы будзе сачыць за тым, што адбываецца ў расейскіх гарадах, і весьці трансьляцыі на сваім сайце.

  • Са жніўня 2020 году Аляксей Навальны лячыўся ў Нямеччыне ад атручэньня баявым хімічным рэчывам «Навічок».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG