Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: Я б хацеў, каб Беларусь на саміце «Ўсходняга партнэрства» прадстаўляла Ціханоўская


Сьцяг Літвы

Пра гэта Габрыелюс Ландсбергіс заявіў у інтэрвію карэспандэнту нашага радыё Рыкарду Юзьвяку. Гутарка адбылася ў Брусэлі, на пасяджэньні Рады кіраўнікоў МЗС дзяржаваў Зьвязу.

На пасяджэньні разглядалі варыянты рэакцыі ЭЗ на арышт Аляксея Навальнага. Але ў інтэрвію Свабодзе Ландсбергіс адказаў і на некалькі пытаньняў адносна Беларусі.

— Цяпер Эўразьвяз мае тры пакеты санкцыяў адносна Беларусі. Ці не настаў час уводзіць адносна яе сэктаральныя санкцыі?

— Я мяркую, што нам трэба вызначыць кола людзей, якія ў Беларусі парушаюць правы чалавека і злоўжываюць уладай. Найперш гэта АМАП. Таксама трэба не забываць пра судзьдзяў, якія садзілі людзей за краты на фіктыўных працэсах. І калі ёсьць людзі, пра злоўжываньні якіх ёсьць верагодныя зьвесткі, я мяркую, што яны павінны быць уключаныя ў «чорны сьпіс» ЭЗ. Гэта будзе вельмі важным паведамленьнем, што пад санкцыі трапляюць ня толькі палітыкі найвышэйшага ўзроўню, якія прымаюць найбольш важныя рашэньні, але і тыя, хто наўпрост зьбівае людзей, саджае іх у турму, парушае іх правы. Цяпер мы працуем над базай дадзеных аб такіх людзях.

— А ці не было б больш эфэктыўна ўводзіць санкцыі адносна тых, хто фінансуе рэжым?

— Гэта таксама магчымы кірунак дзеяньняў, і некаторыя крокі ў гэтым кірунку прадугледжаныя ў трэцім пакеце санкцыяў. Я ўпэўнены, што гэта можа быць працягнута.

— Тэма Астравецкай АЭС заўсёды стаіць на парадку дня ў Літве. Які цяпер плян Літвы адносна гэтай АЭС? Вы ўсё яшчэ спадзеяцеся рэальна перашкодзіць яе працы?

— Мы імкнёмся да таго, каб электраэнэргія з Астраўца не выкарыстоўвалася і не куплялася на эўрапейскіх рынках. Цяпер у нас у Літве дзейнічае закон, які забараняе Літве купляць энэргію і выкарыстоўваць нашу інфраструктуру для электраэнэргіі Астраўца. Мы хацелі б, каб гэтая мера тычылася ня толькі Астравецкай АЭС, але і ўсіх атамных электрастанцыяў, якія лічацца небясьпечнымі. Каб было забаронена прадаваць іх энэргію ў Эўразьвязе. У мінулым месяцы Эўрапейская рада зьвярнулася да Эўракамісіі, каб тая сфармулявала правілы, якія будуць унівэрсальнымі для ўсяго Эўразьвязу і для ўсіх АЭС, якія існуюць і якія могуць зьявіцца ў будучыні. Гэта будзе тычыцца і Астраўца. Мы лічым, што гэта вельмі добрае рашэньне, таму што тады нам ня трэба будзе ствараць асобную кааліцыю і шукаць спосабы, як спыніць Астравец. Гэты ўнівэрсальны падыход перашкодзіць гэтай станцыі працаваць.

— Ёсьць ідэя правесьці саміт «Усходняга партнэрства» ў першай палове гэтага году. Вы ўсё яшчэ мяркуеце, улічваючы сытуацыю з COVID-19, што можна правесьці фізычны саміт з удзелам усіх кіраўнікоў і ўрадаў шасьці ўсходніх дзяржаў?

— Ну, дата яшчэ не прызначаная, і я б вельмі спадзяваўся на фактычны візыт, а не віртуальны, пры ўмове пандэміі, але таксама нам трэба падумаць, чаго мы хочам дасягнуць на саміце. Мая асабістая мэта ва ўдзеле Літвы ў гэтым саміце палягае ў тым, што мы б хацелі прыўнесьці ў праект больш энэргіі. Нам трэба больш амбіцый адносна саміту, каб мы маглі яго пэўным чынам перазапусьціць як адзін з прыярытэтаў Эўразьвязу.

— Калі саміт адбудзецца, хто павінен на ім прадстаўляць Беларусь?

— Гэта выдатнае пытаньне. Я аддаю перавагу Сьвятлане Ціханоўскай.

— Нядаўна ваша краіна адзначыла гадавіну падзеяў 13 студзеня 1991 году, 30 гадоў з таго часу, як вы змагаліся за сваю незалежнасьць. Чаго б вы пажадалі такім краінам, як Украіна, Грузія, Малдова, якія ў пэўным сэнсе цяпер там, дзе вы былі 30 гадоў таму?

— 13 студзеня для Літвы — даволі трагічны дзень, таму што тады на нас напалі, на сталіцу Літвы напалі танкамі, кулямётамі, але для нас гэта дзень перамогі. Гэта быў час, калі краіна аб’ядналася ў абарону сваёй свабоды, у абарону волі народу да дэмакратычнага кіраваньня. І мы перамаглі. І сёньняшняе сяброўства ў ЭЗ і ў NATO — гэта фактычны вынік той перамогі. Перамогі патрабуюць часу, і ня ўсе яны здабываюцца ў адной бітве. Некаторым зь іх трэба пачакаць, пакуль прыйдзе час, але цярпеньне і праца над гэтым звычайна ўзнагароджваюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG