Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і Ўкраіна правялі кансультацыі аб сытуацыі ў Беларусі з удзелам Паўла Латушкі


Кансультацыі органаў бясьпекі Польшчы і Ўкраіны аб сытуацыі ў Беларусі. Фота МЗС Украіны.
Кансультацыі органаў бясьпекі Польшчы і Ўкраіны аб сытуацыі ў Беларусі. Фота МЗС Украіны.

Асновай бясьпекі Польшчы і Ўкраіны зьяўляецца незалежная і дэмакратычная Беларусь, лічаць кіраўнікі нацыянальных органаў бясьпекі гэтых краін.

Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны і Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы правялі чарговыя кансультацыі, на якіх абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы, чарговыя польска-ўкраінскія кансультацыі адбыліся з ініцыятывы Ўкраіны.

«Асновай нашай бясьпекі — і ва Ўкраіне, і ў Польшчы — зьяўляецца незалежная, дэмакратычная Беларусь, жыхары якой самі вырашаюць лёс сваёй краіны. Таму мы жыцьцёва зацікаўленыя ў падтрымцы працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі. Мы таксама клапоцімся аб узгодненай і рашучай палітыцы Захаду ў дачыненьні пануючага рэжыму ў Беларусі», — заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Павал Солах.

Паводле яго, апошнім часам сытуацыя ў Беларусі стала найважнейшай тэмай супрацоўніцтва Польшчы і Ўкраіны.
Як паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства замежных справаў Украіны, удзельнікі кансультацый заявілі аб намеры прадоўжыць дыялёг у фармаце Люблінскага трыкутніка (Украіна Польшча, Літва), каб дапамагчы беларускаму народу і спрыяць далейшаму разьвіцьцю Беларусі як незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы.

«Для Ўкраіны і ўсёй Эўропы надзвычай важна, каб Беларусь заставалася сувэрэннай і незалежнай дзяржавай, удалечыні ад расейскіх уплываў. Украіна гатовая супрацоўнічаць у розных фарматах, каб дапамагчы Беларусі ў вырашэньні палітычнага крызісу», — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар.

Упершыню ў польска-ўкраінскіх кансультацыях узяў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, які падкрэсьліў важнасьць падтрымкі Польшчы і Ўкраіны рэпрэсаваных беларусаў і ў больш шырокай пэрспэктыве — у фармаваньні агульнай пазыцыі Захаду наконт сытуацыі ў Беларусі.

У сьнежні 2020 году міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заяўляў, што Ўкраіна, Літва і Польшча прапанавалі Беларусі надаць фармат Люблінскага трыкутніка як плятформы для разьвязаньня палітычнага крызысу, але Беларусь адмовіла любыя варыянты пасярэдніцтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG