Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль бяз санкцыяў. Міністар замежных справаў Украіны пра палітыку ў дачыненьні да Беларусі


Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ўкраінскі бок вывучае санкцыі, уведзеныя супраць уладаў Беларусі Эўрапейскім зьвязам, да якіх будзе далучацца.

«Мы мусім прайсьці свае ўнутрыдзяржаўныя працэдуры аб увядзеньні тых ці іншых санкцый ЭЗ, але я магу пацьвердзіць абсалютна шчыра сваю пазыцыю аб тым, што немэтазгодна на цяперашнім этапе далучацца да эканамічных санкцый супраць Беларусі», — сказаў 24 сьнежня на брыфінгу ў Кіеве Дзьмітро Кулеба, адказваючы на пытаньне Свабоды.

«Што тычыцца санкцый супраць чыноўнікаў, задзейнічаных у рэпрэсіях супраць беларускага народу, то гэтыя людзі, безумоўна, мусяць быць прыцягнутыя да адказнасьці», — дадаў міністар.

Дзьмітро Кулеба
Дзьмітро Кулеба

На ўдакладняльнае пытаньне, ці зьменіцца прававы рэжым дзейнасьці беларуска-ўкраінскіх кампаній, зарэгістраваных на тэрыторыі Ўкраіны, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца прадпрыемствы Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, украінскі міністар адзначыў: «Гэтае пытаньне аналізуе Міністэрства эканамічнага разьвіцьця, гандлю і сельскай гаспадаркі, і яны прадметна „капаюць“ па кампаніях і глядзяць, што адбываецца».

«Але эканоміка — гэта тая сфэра, якая важная і для народу Ўкраіны, і для народу Беларусі. І тут мы мусім рэалізоўваць вельмі ўзважаную палітыку», — падкрэсьліў Дзьмітро Кулеба.

Ва Ўкраіне зарэгістравана як мінімум дзьве кампаніі зь беларускім капіталам, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца прадпрыемствы Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта:

  • ТАА «БЗТ-Україна», у якім 100% акцый належыць Рэспубліканскаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству «Белзамежгандаль» (зарэгістравана ў 2017 годзе, займаецца гандлем алькаголем, тытунём, палівам, збожжам і тэкстылем)
  • ТАА «БЕЛАВТОДОР-УКРАЇНА» (зарэгістравана ў 2015 годзе, Рэспубліканскаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству «Белзамежгандаль» належыць 20% акцый, зьяўляецца найбуйнейшым падраднікам у будаўніцтве дарог ва Ўкраіне).

Палітыка Ўкраіны — падтрымка беларускага народу

Дзьмітро Кулеба дадаў, што ад пачатку палітычнага крызісу Ўкраіна прапанавала пасярэдніцтва ў трохбаковым фармаце.

«Але ўсе спробы пасярэдніцтва былі адхіленыя. Таму, вядома, можна бясконца рэфлексаваць на тэму пасярэдніцтва, але ўсе прапановы былі зробленыя. І Ўкраіна, дарэчы, разам зь Літвой ды Польшчай адразу выказалі гатоўнасьць надаць фармат Люблінскага трыкутніка як плятформы для такіх добрых паслуг, як пасярэдніцтва. Гэта было адразу пасьля пачатку пратэстаў, але і гэтая прапанова засталася без адказу. Усе гатовыя быць пасярэднікамі ў гэтым канфлікце, але выглядае так, што беларускай уладзе гэтыя паслугі не патрэбны», — дадаў украінскі міністар.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, у якім кантэксьце абмяркоўваецца беларускае пытаньне на перамовах Украіны з эўрапейскімі партнэрамі, Дзьмітро Кулеба ўдакладніў:

«Насуперак пэўным заявам, якія луналі зь Беларусі, я ні ў якіх размовах не патрабаваў ад партнэраў „душыць“ Беларусь санкцыямі і зьнішчаць яе — гэта супярэчыць духу дачыненьняў між беларускім і ўкраінскім народамі. Я ніколі ня буду зычыць суседняму народу зла. Мы абмяркоўваем тое, што яшчэ мы можам зрабіць для падтрымкі беларускага народу».

У кантэксьце падтрымкі беларусаў міністар замежных справаў Украіны адзначыў, што 23 сьнежня ўкраінскі ўрад ухваліў некалькі рашэньняў, якія спрашчаюць легалізацыю беларусаў ва Ўкраіне.

«З самага пачатку гэтага крызісу Ўкраіна заявіла, што мы будзем за беларускі народ. Літаральна ўчора ўкраінскі ўрад ухваліў рашэньне ў інтарэсах беларусаў, тых, хто некамфортна сябе адчувае пад ціскам у Беларусі. Мы яшчэ больш спрасьцілі працэдуры, зьвязаныя зь іхным магчымым пераездам і працаўладкаваньнем ва Ўкраіне. І гэтую палітыку падтрымкі беларускага народу ўрад Украіны будзе рашуча працягваць», — заявіў Дзьмітро Кулеба.

23 сьнежня Кабінэт міністраў Украіны з ініцыятывы Міністэрства ўнутраных спраў ухваліў пастанову аб спрашчэньні працэдуры атрыманьня віду на часовае жыхарства для беларусаў. Скарыстацца гэтым парадкам змогуць толькі тыя беларусы, якія зьяўляюцца прадпрымальнікамі або высокакваліфікаванымі спэцыялістамі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў і інавацыяў ды адмыслоўцамі, якіх «востра патрабуе эканоміка Ўкраіны» — менавіта такім чынам сфармулявана ва ўрадавай пастанове.

Апроч таго, урад павялічыў магчымасьць знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны без рэгістрацыі да 180 дзён цягам году (раней гэты тэрмін быў абмежаваны 90 днямі).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG