Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд правоў чалавека прыняў рашэньне ў спрэчцы Расеі і Грузіі аб вайне 2008 году


Разбурэньні ў грузінскім горадзе Горы пасьля расейскага бамбаваньня, 9 жніўня 2008
Разбурэньні ў грузінскім горадзе Горы пасьля расейскага бамбаваньня, 9 жніўня 2008

Расея вінаватая ў парушэньні правоў чалавека ў самаабвешчаных Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, але не нясе адказнасьці за гэтыя рэгіёны падчас расейска-грузінскай вайны ў жніўні 2008 году.

Адпаведнае рашэньне прыняў Эўрапейскі суд правоў чалавека (ЭСПЧ).

Суд у Страсбуры, у прыватнасьці, прызнаў адказнасьць Расеі за катаваньні грузінскіх палонных, за парушэньне правоў на свабоду і бясьпеку цывільных асобаў і за адмову ад расьсьледаваньня забойстваў грамадзян Грузіі падчас вайны.

І Масква, і Тбілісі заявілі пра сваю перамогу.

Грузінскае Міністэрства юстыцыі назвала рашэньне ЭСПЧ гістарычным. Ведамства сьцьвярджае, што вэрдыкт суду стане важным рычагом для ўрэгуляваньня канфліктаў і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі.

Тбілісі спрабаваў даказаць, што эўрапейская канвэнцыя ў справе абароны правоў чалавека ўжываецца ня толькі ў мірны час, але і падчас баявых дзеяньняў. Гэта супярэчыць асновам міжнароднага гуманітарнага права, падкрэсьліў упаўнаважаны Расеі пры ЭСПЧ Міхаіл Гальперын.

У ноч з 7 на 8 жніўня 2008 году расейскія войскі ўвайшлі ўглыб Грузіі пасьля таго, як у сэпаратысцкім рэгіёне Паўднёвая Асэтыя распачаліся баі. Ваенныя дзеяньні працягваліся пяць дзён. У выніку Тбілісі і Масква разарвалі дыпляматычныя адносіны.

Неўзабаве пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў Грузія падала пазоў у ЭСПЧ. У ім, у прыватнасьці, сьцьвярджалася, што расейскія вайскоўцы і кантраляваныя імі сэпаратысцкія сілы ўчынялі непрапарцыйныя напады на цывільных асобаў і іх маёмасьць у розных частках краіны, уключаючы Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Расея адкідае гэтыя абвінавачаньні.

Пасьля вайны Масква прызнала Паўднёвую Асэтыю і Абхазію незалежнымі дзяржавамі, але амаль усе краіны сьвету, у тым ліку і бліжэйшыя вайскова-палітычныя саюзьнікі Расеі, прызнаюць гэтыя дзьве тэрыторыі часткамі Грузіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG