Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША, Францыя і міжнародныя арганізацыі асудзілі арышт гомельскіх праваабаронцаў


Зьняволены праваабаронца Леанід Судаленка быў ляўрэатам прэміі Францускай Рэспублікі «Свабода, роўнасьць, братэрства».
Зьняволены праваабаронца Леанід Судаленка быў ляўрэатам прэміі Францускай Рэспублікі «Свабода, роўнасьць, братэрства».

Партнэрская праграма Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека — Абсэрваторыя ў абароне праваабаронцаў — асудзіла перасьлед праваабарончых арганізацый, якія аказваюць юрыдычную і іншую дапамогу пацярпелым, а таксама праваабаронцаў, якім пагражае пазбаўленьне волі за іх законную дзейнасьць.

Заклапочанасьць падзялілі і шэраг дзяржаў. Так, Францыя з занепакоенасьцю даведалася пра арышт 18 студзеня Леаніда Судаленкі, чальца праваабарончай арганізацыі «Вясна» і ляўрэата прэміі Францускай Рэспублікі «Свабода, роўнасьць, братэрства» ў 2018 годзе.

«Мы заклікаем да яго неадкладнага вызваленьня і спыненьня ўсіх судовых перасьледаў чальцоў цэнтру „Вясны“, які летась стаў ляўрэатам прэміі Эўрапарлямэнту імя Сахарава. Францыя зноў заяўляе аб сваёй салідарнасьці зь беларускім народам і заклікае ўлады краіны пакласьці канец гвалту, перасьледу, арыштам палітычнага характару і пачаць рэальны дыялёг з усімі ўдзельнікамі беларускага грамадзтва», — адзначаецца на сайце францускага дыппрадстаўніцтва ў Менску.

ЗША таксама асудзілі арышт старшыні Гомельскага аддзяленьня «Вясны» Леаніда Судаленкі і валянтэркі Марыі Тарасенкі.

Іх затрымалі 18 студзеня ў межах крымінальнай справы паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях). Статус затрыманых, а таксама частка артыкулу застаюцца невядомымі. У выпадку прызнаньня віны ім пагражае да 3 гадоў турмы.

«Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і жорсткія парушэньні правоў чалавека ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, а таксама неадкладна вызваліць усіх несправядліва затрыманых. Гэтыя дзеяньні супярэчаць абавязаньням, узятым на сябе беларускім урадам як дзяржавай-удзельніцай АБСЭ. Мы заклікаем улады вызваліць сотні праваабаронцаў, журналістаў, мірных дэманстрантаў. Гэта найважнейшы, неабходны пачатковы крок на шляху да павагі патрабаваньняў беларускага народу аб асноўных свабодах і імкненьня выправіць сытуацыю ў краіне», — гаворыцца на сайце амэрыканскай амбасады ў Менску.

Абсэрваторыя ў абароне праваабаронцаў і Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў выступілі з заявай, у якой таксама асудзілі затрыманьне Леаніда Судаленкі і яго памочніцы Марыі Тарасенкі.

У звароце таксама згадваецца пра перасьлед Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай, затрыманых паводле аналягічных абвінавачаньняў за дапамогу ахвярам рэпрэсій.

«Абсэрваторыя разглядае гэта як непасрэдную пагрозу ўсім арганізацыям, якія займаюцца законнай праваабарончай дзейнасьцю ў Беларусі, дапамагаючы ахвярам жорсткіх рэпрэсій, якія працягваюцца ў краіне. Мы асуджаем затрыманьні Леаніда Судаленкі, Марыі Тарасенкі, Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай, мэтай якіх зьяўляецца выключна помста за іх законную праваабарончую дзейнасьць», — канстатуецца ў супольнай заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG