Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Speigel: Эўрапарлямэнт запатрабуе спыненьня «Паўночнага патоку – 2» у адказ на арышт Навальнага


Архіўнае фота. Пракладка наземнай часткі газаправоду ў нямецкім Любміне, 26 сакавіка 2019

Эўрапарлямэнт запатрабуе ад Эўрапейскага зьвязу спыніць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток – 2» і ўвесьці санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асобаў, якія маюць дачыненьне да затрыманьня і арышту Аляксея Навальнага. Пра гэта піша Spiegel са спасылкай на праект рэзалюцыі, які будзе вынесены на галасаваньне 21 студзеня.

На думку аўтараў дакумэнту, таксама павінны быць прынятыя абмежавальныя захады ў дачыненьні да адказных за напады на апазыцыянэраў, «расейскіх алігархаў» і «найбліжэйшага атачэньня прэзыдэнта Пуціна», а таксама «прапагандыстаў СМІ». Санкцыі могуць ўключаць замарожваньне іхных актываў, якія знаходзяцца ў ЭЗ, і забарону на ўезд.

Раней ЗША ўвялі санкцыі супраць удзельніка «Паўночнага патоку – 2» расейскага трубаўкладчыка «Фартуна», які ў сьнежні дапамог аднавіць будаўніцтва газаправоду ў водах Нямеччыны. Да гэтага працы не вяліся амаль год — праз пагрозу санкцый. У сваю чаргу 19 студзеня «Газпром» папярэдзіў інвэстараў аб магчымасьці замарозкі праекту. За дзень да гэтага Нямеччына прыпыніла дазвол на будаўніцтва трубаправоду ў сваіх тэрытарыяльных водах ў сувязі са скаргамі мясцовых эколягаў.

Пасьля арышту Аляксея Навальнага яго паплечнік Уладзімір Ашуркаў апублікаваў сьпіс людзей, супраць якіх, на думку апазыцыйнага палітыка, заходнія краіны павінны ўвесьці санкцыі. У сьпісе восем чалавек, у тым ліку — бізнэсоўцы Раман Абрамовіч і Алішэр Усманаў; кіраўнік ВТБ Андрэй Косьцін, топ-менэджар банка, сын кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава Дзяніс Бортнікаў; кіраўнік ВЭБ Ігар Шувалаў; тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў.

  • Рэзалюцыі Эўрапарлямэнту носяць рэкамэндацыйны характар і не абавязковыя да выкананьня, але зьяўляюцца палітычным арыентырам для дзяржаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз. Санкцыі ў ЭЗ ўводзяцца рашэньнем усіх 27 краін, якія ў яго ўваходзяць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG