Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Унівэрсытэту фізычнай культуры на знак пратэсту супраць дзеяньняў дзяржавы звольніўся кандыдат навук


Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

Выкладчык Вадзім Мажэйка аб’явіў пра сыход зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры (БДУФК). Ён зьвязаў гэта зь немагчымасьцю далейшай працы ў дзяржаўнай арганізацыі.

Кандыдат навук, дацэнт Вадзім Мажэйка выкладаў у БДУФК гуманітарныя дысцыпліны, кіраваў дыплёмнымі работамі і магістарскімі дысэртацыямі. Сярод іншага ў сваім відэазвароце выкладчык адзначыў, што адзін з імаверных удзельнікаў выкраданьня і забойства Рамана Бандарэнкі скончыў унівэрсытэт, які Мажэйка вырашыў пакінуць.

Сярод матываў свайго сыходу Вадзім Мажэйка назваў немагчымасьць працаваць у дзяржаўнай арганізацыі, якая стала часткай «мэханізму падначаленьня і рэпрэсій».

«Адміністрацыя і сілавікі спрабуюць нас запалохаць, але на самай справе ім самім страшна. Страшна ад таго, што яны ўжо нарабілі, і ад таго, як прачнуўся беларускі народ. Сёньня ўсім відавочна, на чыім баку праўда, а хто хлусы і злачынцы».

Ён назваў непрымальнай прысутнасьць сілавікоў у будынках ВНУ, затрыманьні студэнтаў у калідорах і іншыя дзеяньні дзяржаўных органаў ва ўнівэрсытэтах супраць вольнага выказваньня пазыцыі выкладчыкамі і студэнтамі.

Мажэйка заявіў, што, хоць цяпер пакідае выкладчыцкую практыку ў БДУФК, але плянуе вярнуцца да яе, каб вучыць студэнтаў «у новай, свабоднай Беларусі».

Таксама Вадзім Мажэйка — палітычны аналітык, сябра рады «Лібэральнага клюбу».

БДУФК — адна з ВНУ, дзе праходзілі акцыі пратэсту супраць звальненьняў і арыштаў студэнтаў і выкладчыкаў за палітычную пазыцыю. Актыўныя студэнты заснавалі сваю ўнутраную газэту «Салідарнасьць БДУФК», у якой расказвалі ўсім супрацоўнікам унівэрсытэту, студэнтам і выкладчыкам пра звольненых ці арыштаваных калег. У прыватнасьці, за свае погляды пацярпеў малады трэнэр з унівэрсытэту Сяргей Шабанаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG