Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі цэмэнт пакуль ня вернецца на ўкраінскі рынак у ранейшых аб’ёмах. Суд патлумачыў, чаму


"Беларускі цэмэнтны завод", Касьцюковічы
"Беларускі цэмэнтны завод", Касьцюковічы

Акруговы адміністратыўны суд Кіева адмовіўся задаволіць пазоў аб прызнаньні незаконнымі ўведзеных у траўні 2019 году Міністэрствам эканомікі Ўкраіны абмежаваньняў для паставак гэтай прадукцыі на ўкраінскі рынак і ня стаў іх касаваць.

Судовы працэс трываў паўтара года. Беларускія вытворцы цэмэнту, украінскія імпартэры і спажыўцы зьвярнуліся з пазовамі паасобку, але пазьней суд аб’яднаў гэтыя справы ў адным працэсе.

«Рашэньне суду зьяўляецца дадатковым сыгналам для нашых вытворцаў — не забывацца, што дзяржава гатовая дапамагчы і падтрымаць іх у выпадку нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку замежных вытворцаў і экспартэраў», — заявіў міністар эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны Ігар Пятрашка, камэнтуючы рашэньне суду.

З гэтай нагоды ўкраінскі міністар заклікаў нацыянальных вытворцаў больш актыўна выкарыстоўваць інструмэнты гандлёвай абароны, у тым ліку антыдэмпінгавыя, антысубсыдыйныя і спэцыяльныя расьсьледаваньні.

Абмежаваньні ў выглядзе павялічанага мыта на імпарт беларускага цэмэнту ўвялі ў траўні 2019 году па выніках антыдэмпінгавага расьсьледаваньня, якое вялося з 2018 году. Яно праводзілася ў дачыненьні як да беларускага цэмэнту, так і расейскага і малдоўскага. На беларускі цэмэнт увялі найменшае мыта — у памеры 57,03%, але і яно зрабіла гандаль гэтай прадукцыяй нявыгадным для пастаўшчыкоў. Абмежаваньні будуць дзейнічаць да 2024 году.

«Патэнцыйная вартасьць гэтага пытаньня складае 7,16 мільярда грыўняў (прыблізна 260 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС). Рашэньне (аб санкцыях) дапамагло стабілізаваць сытуацыю на ўнутраным рынку краіны і дало дадатковы штуршок эканамічнаму разьвіцьцю. У прыватнасьці, украінскія вытворцы змаглі разьвіваць свой бізнэс у канкурэнтных умовах, напаўняць рынак уласнай прадукцыяй, эканоміць і ствараць новыя працоўныя месцы», — дадаў Ігар Пятрашка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG