Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады сьцьвярджаюць, што ЭЗ дасьць ім 10 мільёнаў эўра. Але ЭЗ кажа, што гэта ня так


Адпаведнае пагадненьне 15 студзеня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Грошы, нібыта, выдзяляюць для паляпшэньня працы «органаў вяршэнства права» ў сфэрах:

  • гендэрнай роўнасьці,
  • міру, правасудзьдзя і эфэктыўных інстытутаў,
  • скарачэньня няроўнасьці ўнутры краін і між краінамі.

У выніку, як сьцьвярджаюць улады, плянуецца:

  • зрабіць лягчэйшым для грамадзянаў доступ да дзяржаўных паслуг,
  • удасканаліць працу плятформы pravo.by,
  • палепшыць законы, якія абараняюць пэрсанальныя зьвесткі,
  • удасканаліць заканадаўства для непаўналетніх,
  • падтрымаць зьмены ў законах і інфармацыйных мэханізмах для барацьбы з кібэрзлачыннасьцю, зьвязанай зь непаўналетнімі.

Аднак кіраўнік Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь Дырк Шубэль пракамэнтаваў зьяўленьне гэтага дакумэнту для інтэрнэт-карыстальнікаў наступным чынам:

«Калі праграма падпісаная, гэта ня значыць, што яна будзе рэалізаваная. Заключэньне/рэалізацыя гэтай праграмы, а таксама многіх іншых праграм і праектаў ЭЗ у Беларусі, было прыпыненае Эўразьвязам».

Пазьней прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі абнародавала пашыранае тлумачэньне гэтай зьмены палітыкі Зьвязу.

Паводле заключэньня Рады Эўрапейскага Зьвязу ад 12 кастрычніка, ЭЗ памяняў фармат аказаньня Беларусі фінансавай дапамогі, каб гарантаваць, што яна прынясе карысьць грамадзянам. У прыватнасьці, дапамога ў максымальна магчымай ступені перанакіроўваецца ад органаў цэнтральнага кіраваньня да недзяржаўных, мясцовых і рэгіянальных актараў.

Гэта азначае, што прыпынена даваньне каля паловы аб'ёму двухбаковай дапамогі ў рамках Эўрапейскага інструмэнту суседзтва, якая не адпавядала згаданаму заключэньню Рады ЭЗ.

Прыпыненьне (у адрозьненьні ад ануляваньня) праграмаў дазваляе хутка мабілізаваць гэтак неабходныя рэсурсы ў выпадку дэмакратычнага транзыту. Прыпыненьне распаўсюджваецца, сярод іншага, на раней узгодненае супрацоўніцтва ў прававой сфэры. Пасьля перафарматаваньня фінансавай дапамогі ЭЗ падтрымка будзе абмежаваная сфэрамі, у якіх яна прынясе карысьць грамадзянам Беларусі (моладзь, ахова навакольнага асяродзьдзя, малы і сярэдні бізнэс, разьвіцьцё не мясцовым узроўні, грамадзянская супольнасьць і незалежныя СМІ).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG