Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народны сход ужо менш як празь месяц. Што пра яго вядома?


Усебеларускі сход 2016 году
Усебеларускі сход 2016 году

Першы Ўсебеларускі народны сход прайшоў яшчэ ў 1996 годзе. Сёлета павінен адбыцца ўжо шосты.

28 сьнежня 2020 году Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што шосты Ўсебеларускі народны сход пройдзе ў Менску 11–12 лютага. Гэта ня першы раз, калі УНС адбываецца ня перад прэзыдэнцкімі выбарамі, а пасьля іх. Так было ў 1996 годзе і ў 2016-м. Апанэнты афіцыйнага Менску з Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва ўжо заявілі, што лічаць Сход незаконным.

Хто туды паедзе?

Паводле афіцыйнай інфармацыі — 2700 чалавек з усёй Беларусі, якія будуць прадстаўляць самыя розныя групы грамадзтва. Гэта не рэкорд: у першым Усебеларускім народным сходзе ўдзельнічалі 4740 чалавек. Затое ва ўсіх астатніх — толькі каля 2500. Прычыны павелічэньня колькасьці ўдзельнікаў шостага сходу невядомыя.

Ужо вядома, што сярод удзельнікаў УНС ёсьць Аляксандар Лукашэнка. Яго абралі прадстаўніком Магілёва. Воранаўскі раён, сярод іншых, прадставіць шматгадовы паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Але гэта хутчэй выключэньне. У асноўным дэлегаты будучага сходу — мясцовыя чыноўнікі і дырэктары, а таксама рабочыя дзяржпрадпрыемстваў і ўстановаў самых розных узроўняў. Усе кандыдатуры зацьвярджаюцца мясцовымі саветамі. Гэта рэглямэнтуе адмысловы ўказ Лукашэнкі № 492, падпісаны 28 сьнежня 2020 году. Актывісты НАК пад кіраўніцтвам Паўла Латушкі ўжо зьвярнулі ўвагу, што такі падыход супярэчыць беларускаму заканадаўству. У прыватнасьці, закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», які дазваляе вылучаць на народныя сходы сваіх прадстаўнікоў працоўным калектывам, палітычным партыям, рэлігійным грамадам і іншым групам.

Ужо ў студзені зьявілася інфармацыя, што на сход запросяць таксама асобных прадстаўнікоў «старой» апазыцыі. У прыватнасьці, кагосьці з рухаў «За свабоду» і «Гавары праўду». Кіраўнік першай са згаданых арганізацый, Юры Губарэвіч, у размове са Свабодай расказаў, на якіх умовах гэта магчыма.

«Мы пакуль не атрымлівалі ніякіх афіцыйных запрашэньняў, ёсьць толькі чуткі, — сказаў Губарэвіч. — Але калі запрашэньне паўдзельнічаць мы ўсё ж атрымаем, то гатовыя яго разгледзець. Пры ўмове выкананьня трох патрабаваньняў — вызваленьня ўсіх палітвязьняў, расьсьледаваньня злачынстваў сілавікоў і прызначэньня новых выбараў — мы гатовыя прыняць удзел ва Ўсебеларускім народным сходзе».

Што там будуць абмяркоўваць?

Пакуль ніхто дакладна ня ведае. Звычайна на Ўсебеларускіх народных сходах абмяркоўвалі пляны на наступную «пяцігодку», што надавала ім падабенства да зьездаў КПСС. Таксама сходы адыгрывалі сваю ролю ў перадвыбарнай агітацыі Аляксандра Лукашэнкі, таму што тры з шасьці праходзілі непасрэдна перад правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Шосты УНС таксама чакаўся яшчэ мінулай вясной, аднак адбудзецца толькі ў лютым 2021-га. Афіцыйна ён пройдзе «з мэтай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця краіны».

Чуткі пра тое, што 11–12 лютага на УНС будзе зьмененая Канстытуцыя Беларусі, нават прымусілі выказвацца на гэты конт Лукашэнку.

«Мяне папракаюць, што я там хачу такім чынам уладу сваю падоўжыць, — казаў Лукашэнка на сустрэчы з супрацоўнікамі цэнтру дзіцячай анкалёгіі. — Слухайце, глупства поўнае. Калі я захачу сваю ўладу падоўжыць, дык у мяне ёсьць усе магчымасьці застацца прэзыдэнтам. На Ўсебеларускім народным сходзе я буду старшынёй. Той, хто баіцца, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, павінен маліцца, каб я стаў нейкім там старшынёй гэтага сходу. Ніхто паўнамоцтвы шалёныя на Ўсебеларускі народны сход адпраўляць ня будзе. Кіраўніком дзяржавы будзе прэзыдэнт. Гэта вы яго выбераце. Прэм’ер-міністар будзе, парлямэнтарыі і іншыя».

Пазьней у дзяржаўных СМІ зьявілася інфармацыя, што праект новай Канстытуцыі будзе распрацаваны бліжэй да канца 2021 году. Так што чакаць яго абмеркаваньня падчас Усебеларускага народнага сходу, відаць, таксама ня варта.

Што кажа апазыцыя?

Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка 5 студзеня заявіў, што ўдзельнікі Ўсебеларускага народнага сходу ў будучыні могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці за ўдзел у зьмене канстытуцыйнага ладу краіны. У тым выпадку, калі УНС зацьвердзіць такія зьмены. Таксама Латушка заяўляе, што ўдзельнікі Сходу могуць быць унесеныя ў «чорныя сьпісы» Эўразьвязу, і абяцае бліжэйшым часам сумесна з кампаніяй «Честные люди» апублікаваць плян па дэлегітымізацыі УНС.

У арганізацыі Паўла Латушкі таксама паведамляюць, што прынамсі некаторых з удзельнікаў будучага Сходу ўключылі ў сьпісы дэлегатаў бязь іх ведама. На думку палітыка, гэта робіцца мясцовымі кіраўнікамі з мэтай аказаць ціск на падначаленых.

Поўны сьпіс удзельнікаў шостага Ўсебеларускага народнага сходу абяцаюць апублікаваць 18 студзеня. Прыкладна тады ж НАК вызначыцца з санкцыямі супраць дэлегатаў форуму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG