Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт сусьветнага хакейнага чэмпіянату: грамадзкі дыялёг даўно запушчаны, спартоўцаў судзілі па законе


Прэзэнтацыя эмблемы чэмпіянату сьвету 2021 году
Прэзэнтацыя эмблемы чэмпіянату сьвету 2021 году

Аргкамітэт дзеля правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай — 2021 выступіў з заявай па выніках сустрэчы з прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі хакею на лёдзе Рэнэ Фазэлем.

Заява апублікаваная на сайце Савету міністраў Рэспублікі Беларусь (на расейскай мове, беларуская і ангельская вэрсіі навінаў на сайце беларускага ўраду не абнаўляюцца зь мінулага году).

У прыватнасьці, аргкамітэт заявіў:

  • «Рэспубліка Беларусь пацьвердзіла сваю гатоўнасьць да правядзеньня дадзенага чэмпіянату. Рэспубліка Беларусь гатовая забясьпечыць у поўным аб’ёме ўвесь комплекс неабходных мерапрыемстваў, у тым ліку арганізацыйнага, супрацьэпідэмічнага характару, а таксама забясьпечыць бясьпеку і камфортнае знаходжаньне ўдзельнікаў і гасьцей чэмпіянату з улікам рэкамэндацый МФХ».
  • «Нібыта маючыя месца факты выключэньня беларускіх спартоўцаў са зборных камандаў і адхіленьня ад спаборніцтваў за палітычныя погляды зьяўляюцца беспадстаўнымі. Беларускі бок прадставіць МФХ усю неабходную фактуру, якая раней неаднаразова накіроўвалася ў МАК і іншыя міжнародныя спартовыя структуры. Разам з тым сапраўды мелі месца факты затрыманьня і прыцягненьня да адказнасьці асобных спартоўцаў за ўдзел у мерапрыемствах, якія парушаюць грамадзкі парадак, строга ў межах беларускага заканадаўства».
  • «У частцы прэтэнзій, якія высоўваюцца ў дачыненьні да старшыні фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, беларускі бок зыходзіць з прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці як базавага прававога пастуляту, але ў якасьці жэсту добрай волі гатовы арганізаваць сустрэчу прадстаўнікоў Дысцыплінарнага камітэту МФХ з Генэральным пракурорам Рэспублікі Беларусь для азнаямленьня з вынікамі праведзеных праверачных мерапрыемстваў у рамках дасьледчай праверкі».
  • «Увязка правядзеньня чэмпіянату са зьменамі Канстытуцыі, арганізацыяй нейкага „дыялёгу“ і іншымі ўнутранымі пытаньнямі Беларусі сама па сабе абсурдная. Але паколькі гэтая тэма ўвесь час укідваецца звонку, беларускі бок інфармуе, што рэальны працэс грамадзкага дыялёгу ўжо даўно (з кастрычніка 2020 году) запушчаны ў выглядзе створаных дыялёгавых пляцовак ва ўсіх рэгіёнах краіны, у часе работы якіх ужо ўнесена каля 4,5 тысячы прапаноў».
  • «У тым ліку з улікам гэтых прапаноў на Ўсебеларускім народным сходзе, які пройдзе ў лютым 2021 году, дэлегатамі будуць выпрацоўвацца напрамкі грамадзка-палітычнага разьвіцьця краіны, уключаючы асноўныя падыходы да зьмены Канстытуцыі».

Пасьля візыту ў Менск Рэнэ Фазэль нагадаў, што кангрэс IIHF у 2017 годзе вызначыў, што чэмпіянат сьвету па хакеі 2021 году павінен прайсьці ў Менску і Рызе. Фэдэрацыя заключыла трохбаковы кантракт з аргкамітэтамі краін, але за прамінулы час многае зьмянілася, сказаў Рэнэ Фазэль.

«IIHF занепакоеная здольнасьцю арганізатараў у Менску бясьпечна правесьці турнір ва ўмовах COVID-19. Таксама IIHF працягвае расьсьледаваньне сытуацыі вакол кіраўніка Фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава. Акрамя таго, у краіне назіраюцца хваляваньні, якія выклікалі абгрунтаваныя асьцярогі з боку камандаў, заўзятараў і чыноўнікаў. Мы ня можам усё гэта ігнараваць, але ў нас ёсьць каманды і партнэры, якія хочуць знайсьці спосаб правесьці чэмпіянат сьвету ў 2021 годзе. Для вырашэньня гэтых праблемаў трэба было пачаць дыялёг зь беларускім кіраўніцтвам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG