Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садыр Джапараў перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах у Кіргізстане


 Садыр Джапаров
Садыр Джапаров

Кіргізстанскі палітык Садыр Джапаров атрымлівае перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах. Па афіцыйных дадзеных ЦВК пасьля падліку 96,4% бюлетэняў, за кандыдатуру Джапарава свае галасы аддалі 79,18% тых, хто прагаласаваў.

На другім месцы знаходзіцца Адахан Мадумараў з вынікам 6,76%, за ім — Бабыржан Тальбаеў з вынікам 2,36%. Каля 1,35% выбаршчыкаў прагаласавалі супраць усіх. Астатнія кандыдаты набралі менш за 2%.

Усяго яўка на выбарах склала 38,8% зарэгістраваных выбарнікаў. Паколькі для прэзыдэнцкіх выбараў не існуе мінімальнага парогу яўкі, то паўторных выбараў не будзе.

  • Выбары ў Кіргізстане праходзяць датэрмінова — пасьля таго, як пайшоў у адстаўку ранейшы прэзыдэнт Сааранбай Джээнбекаў. Ён сышоў з пасады пасьля масавых пратэстаў супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў. З прычыны пратэстаў вынікі выбараў у парлямэнт былі прызнаныя несапраўднымі. Са сваіх пасадаў сышлі таксама прэм’ер-міністар і сьпікер парлямэнту. Выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта стаў Джапараў, апазыцыйны палітык, які падчас пратэстаў быў вызвалены з турмы.

Па дадзеных ЦВК, на рэфэрэндуме пераважная большасьць выбарнікаў, якія прыйшлі на выбары, прагаласавалі за вяртаньне да прэзыдэнцкай формы кіраваньня:

  • Прэзыдэнцкая форма кіраваньня — 81,29%,
  • Парлямэнцкая форма кіраваньня — 10,85%,
  • Супраць усіх — 4,43%.


Незалежныя назіральнікі на выбарах і рэфэрэндуме ў Кіргізстане паведамляюць аб розных парушэньнях: масавым падвозе выбарнікаў, ціску на выбарнікаў, незахаваньні таямніцы галасаваньня і перашкодзе працы СМІ і назіральнікаў.

Як паведамляе карэспандэнт Настоящего Времени, адной з самых распаўсюджаных праблем на гэтых выбарах сталі тэхнічныя непаладкі з аўтаматычнымі скрынямі. На многіх участках яны пераставалі прымаць бюлетэні.

У ЦВК патлумачылі гэта чалавечым фактарам і холадам — тэхніка адмаўлялася працаваць пры тэмпэратуры ніжэй за 18 градусаў. На некалькіх участках, калі тэхніка выходзіла са строю, бюлетэні складаюць на крэслах ці на падлозе.

На адным з участкаў у Бішкеку члены камісіі зьнялі пячаткі са звычайных скрыняў. Кожны выбарнік падыходзіў да аўтаматычнай, калі яна не спрацоўвала, то чалавек кідаў сваю бюлетэнь у стацыянарную. Старшыня мясцовай камісіі расказаў, што ўжо пасьля таго, як галасаваньне скончыцца, кожны ліст з празрыстых скрыняў прапусьцяць праз сканэр аўтаматычных. Паводле былой сябры ЦВК Атыр Абдрахматавай, гэта найгрубейшае парушэньне закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG