Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа стаць новай Эстоніяй ці новай Фінляндыяй, — філёзаф Гаруноў


Парк высокіх тэхгналёгіяў
Парк высокіх тэхгналёгіяў

Філёзаф з Расеі Максім Гаруноў разважае пра беларускую нацыянальную ідэю, адзначае, што ў беларускіх гарадах прысутнічае вялікі акцэнт на мадэрн і сучаснасьць, і заяўляе, што Лукашэнка мог быць дыктатарам толькі для такога народу, які не цікавіўся палітыкай.

Сьцісла:

  • Калі беларусы сутыкаюцца з навакольным сьветам, то адразу разумеюць, што яны адрозьніваюцца ад іншых.
  • У 2020 годзе ў Беларусі нарадзілася палітычнае грамадзтва.
  • У Беларусі, я думаю, ня будзе нейкіх таксычных практык інтэрпрэтацыі мінулага
  • Лукашэнка — дыктатар, які быў магчымы толькі тут, у Беларусі
  • Абгарадзіцца амапаўцамі — самае дурное і прымітыўнае, што можна было зрабіць

— Нядаўна выйшла кніга «Беларуская нацыянальная ідэя», вы яе суаўтар разам з журналістам Зьмітром Лукашуком. Гэта 85 кароткіх інтэрвію пра беларускі нацыянальны праект, якія прагучалі ў эфіры «Эўрарадыё». Вы грамадзянін Расеі, даволі часта прыяжджаеце ў Беларусь і нават сталі адным зь вядучых гэтай перадачы. Ці можна сказаць, што вы ў пэўным сэнсе «беларусізаваліся»? Ці вы захоўваеце погляд на Беларусь і беларусаў збоку, а не знутры?

— Я думаю, галоўны паказьнік — гэта наколькі добра я разумею тэму. Я думаю, што беларусаў я цяпер разумею добра.

Што тычыцца позірку, то я мяркую, што немагчыма думаць і назіраць, знаходзячыся «ўнутры». Думаць пра нешта можна, толькі знаходзячыся «звонку». У гэтым сэнсе я імкнуся спасьцігнуць любую тэму, знаходзячыся да яе «звонку».

Максім Гаруноў у праскай рэдакцыі Свабоды
Максім Гаруноў у праскай рэдакцыі Свабоды

Я сам нарадзіўся ва Ўкраіне, свабодна валодаю ўкраінскай мовай. І, я думаю, гэта моцна замінае, калі ў цябе блізкія адносіны зь нейкай культурай, народам, і ты спрабуеш яго зразумець — то ў цябе гэта можа не атрымацца. Добра разумееш пэўныя рэчы толькі на нейкім аддаленьні.

Так што калі твая задача нешта зразумець — нельга быць унутры. Трэба захоўваць пэўную дыстанцыю.

— У гэтай кнізе апублікаваныя 85 інтэрвію, якія вы са Зьмітром Лукашуком правялі ў эфіры «Эўрарадыё». Ці можаце вы пасьля гэтага сказаць, што ведаеце, што такое нацыянальная ідэя для Беларусі і як яна сфармуляваная?

— Калі ў беларусаў усё будзе добра, то гадоў праз 10–20 у добрых беларускіх кнігарнях будзе стаяць мінімум дзьве шафы з кнігамі, прысьвечанымі нацыянальнай ідэі. Бо гэтае пытаньне, па сутнасьці, гучыць так — «што такое наша краіна, чаго мы хочам і хто мы такія?». Гэта глябальныя вечныя пытаньні, яны зь беларусамі назаўжды, беларусы пра іх будуць думаць і праз сто гадоў.

Што я вынес з гэтых 85 інтэрвію? Адчуваньне пэўнай нявопытнасьці і нясьмеласьці. Некаторыя суразмоўцы, здавалася б, упершыню задумваліся пра гэтыя пытаньні.

Аляксей Ластоўскі, сацыёляг у Полацку, прынёс мне кнігу пра нацыянальную ідэю ў Польшчы. І тут ёсьць з чым параўнаць. У палякаў развагі на гэтыя тэмы ідуць 500–600 гадоў. На пачатку 15-га стагодзьдзя яны пачалі пісаць трактаты на тэму «хто мы, палякі, такія, чым мы вылучаемся». І тады яны адказвалі на гэтае пытаньне так — «мы грамадзяне Рэспублікі, і наша зямля — гэта зямля свабоды. Мы прымаем у сябе ў Рэчы Паспалітай усіх, мы за свабоду, за адкрытасьць». Гэтыя развагі палякаў пра саміх сябе доўжацца бясконца.

А ў беларусаў гэта толькі пачынаецца. У іх было такое адчуваньне, што і так усё зразумела. Маўляў, мы людзі як людзі, як усе. Але калі беларусы сутыкаюцца з навакольным сьветам, то адразу разумеюць, што яны іншыя. Яны адрозьніваюцца ад расейцаў, ад украінцаў, ад палякаў.

— То бок у беларусаў гэта ўсё адбылося значна пазьней. У гэтай сувязі некаторыя дасьледчыкі адзначаюць, што беларусы ў пытаньнях нацыянальнага будаўніцтва і нацыянальнага разьвіцьця — нацыя, якая позьніцца. Але адны гэта ўспрымаюць як адназначны мінус, іншыя — ня толькі адмоўна.

— Так, у Беларусі ў гэтым сэнсе ёсьць дзьве партыі. Адны кажуць, што Беларусь недааформілася, іншыя, наадварот, што яна «наперадзе плянэты ўсёй». Але самае важнае, што цяпер, у 2020 годзе, у Беларусі нарадзілася палітычнае грамадзтва. Людзі нарэшце перайшлі ад эканамічных патрабаваньняў да палітычных. Галоўнае, што палітычная Беларусь нарадзілася і пачаўся рух.

У беларусаў зьяўляецца неабходнасьць у разуменьні сябе, усьведамленьні сваёй краіны. Патрэбныя людзі, якія будуць тлумачыць беларусам, хто яны такія. Працэс пайшоў, а далей паглядзім, што будзе.

— Па-вашаму, гэтая палітычная беларуская нацыя, якая цяпер ствараецца, будзе грунтавацца на нацыянальным — гісторыі, мове, культуры, традыцыі? Ці гэта можа быць чыста «грамадзянская нацыя» (пра што некаторыя мараць), якая пасьпяхова пераскочыць у постындустрыяльны сьвет бяз гэтых старажытных паняцьцяў «крыві і глебы»?

— Калі вы чалавек, калі вы цікавыя самі сабе, — то вам цікавыя вашыя бацькі, вашыя продкі. Ведаць, чым жылі твае продкі, пра што яны гаварылі, — гэта нармальнае чалавечае жаданьне.

Пытаньне ў тым, як да гэтых каранёў ставіцца. Я думаю, што ў Беларусі ў любым выпадку будзе вялікі інтарэс да гісторыі, да таго, як выглядала Беларусь у мінулым, як яна разьвівалася. Раней людзі ў Беларусі проста выжывалі, і ім было не да гісторыі. Цяпер інтарэс да гісторыі зьявіўся.

Пытаньне толькі ў тым, як да мінулага людзі будуць ставіцца. Бо мінулае дае нямала дурных прыкладаў інтэрпрэтацыі — як, напрыклад, у Расеі зь яе «веліччу». У Беларусі, я думаю, ня будзе нейкіх таксычных практык інтэрпрэтацыі мінулага — «велічы», як у Расеі, альбо культу прыніжэньня і зьнявагі з боку суседзяў, што ёсьць у некаторых усходнеэўрапейскіх краінах. Людзі будуць чытаць кнігі па гісторыі, але гэта ня стане грунтам для нейкіх радыкальных партыяў зь іхным нерацыянальным парадкам дня.

На будучыню Беларусі я гляджу аптымістычна. Назіраючы за тым, як яна абуджаецца — можна пераканацца, што ўсё будзе добра. Можа атрымацца так, што Беларусь можа стаць новай Эстоніяй ці новай Фінляндыяй. Бо Беларусь — гэта грамадзтва, засяроджанае на навуцы, тэхналёгіях. Сам Менск паводле архітэктуры горад савецкі, але ён уяўляе сабой прастору для стварэньня новых прадуктаў. Калі глядзець на многія беларускія гарады, то ў іх прысутнічае вялікі акцэнт на мадэрн і сучаснасьць.

— Беларусы шмат чуюць пра сваю сьветлую будучыню. Але многім людзям, якія жывуць тут і цяпер, у канкрэтных абставінах тэрору і рэпрэсіяў, хацелася б пачуць, як Беларусь у найбліжэйшы час можа пазбавіцца аўтарытарнага рэжыму.

— Лукашэнка — дыктатар, які быў магчымы толькі тут, у Беларусі. Ва Ўкраіне ён вышэй за дэпутата не падняўся б, у Расеі ён меў бы посьпех на Кубані, там любяць вусы. Ён дыктатар для такога народу, які абсалютна не цікавіцца палітыкай. Беларусы не цікавіліся палітыкай, сваёй гісторыяй, не цікавіліся нічым, акрамя свайго выжываньня.

Гэта было вельмі дзіўнае грамадзтва, у якім дыктатарам было быць вельмі лёгка. Апошнія чатыры месяцы мы назіраем з боку ўлады нейкі дзікі непрафэсіяналізм, у самых розных праявах. Лукашэнка быў дыктатарам толькі таму, што ў гэтай краіне ўвогуле ніхто не цікавіўся ўладай і палітыкай. Дыктатар у палітычнай пустэльні.

Цяпер, магчыма, упершыню ў ягонай палітычнай гісторыі, яму пачынаюць выстаўляць сур’ёзныя прэтэнзіі, кідаць выклік. І які ягоны адказ? Ён проста абгарадзіўся амапаўцамі. Гэта самае дурное і прымітыўнае, што можна было зрабіць. І ўсе гэтыя прымітыўныя крокі і рашэньні кажуць пра тое, што ягоныя дні скончаныя, ён ня можа існаваць доўга.

Беларусы тры месяцы мірна ходзяць, ён іх арыштоўвае, ніякага сілавога супраціву ад іх няма — а ён ужо ў аблозе, жыве фактычна як у бункеры. І тое, што ён нядаўна зрабіў — падвысіў падаткі для ПВТ — паказвае, як ён не разумее краіну. Краіна толькі пачала цікавіцца тым, што зь ёй адбываецца — і яго ўжо амаль зьдзьмула. Я ня бачу ніводнага ягонага рашэньня, якое мяне б уразіла сваёй глыбінёй. «Працягваць зьбіваць людзей» — гэта адзінае, што яны могуць прыдумаць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG