Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голас на запісе, які патрабуе забіць Шарамета, апазналі Ірына Халіп і Андрэй Саньнікаў


Былы кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў, які, як мяркуецца, у 2012 годзе абмяркоўваў з падначаленымі забойства Паўла Шарамета

Голас на аўдыёзапісе, апублікаваным бэльгійскім выданьнем EUobserver, на якім, як мяркуецца, былы старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў патрабуе забіць журналіста Паўла Шарамета, сапраўды належыць экс-кіраўніку спэцслужбы, сьцьвярджаюць уласная карэспандэнтка «Новай газеты» ў Менску Ірына Халіп і яе муж, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі і палітычны вязень Андрэй Саньнікаў.

Паводле Халіп, яе «вадзілі» да Зайцава ў студзені 2011 году, калі яна сядзела ў СІЗА КДБ Беларусі. Журналістку абвінавачвалі тады ў арганізацыі акцый пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі. Як сьцьвярджае Ірына Халіп, у асабістай гутарцы Зайцаў пагражаў завесьці на яе крымінальныя справы паводле артыкулаў «Масавыя беспарадкі» і «Змова з мэтай захопу ўлады», а таксама пагражаў найвышэйшай мерай пакараньня — расстрэлам. Менавіта таму Ірына Халіп ідэнтыфікавала цяпер голас экс-старшыні КДБ.

Андрэй Саньнікаў, якога ўлады Беларусі арыштавалі амаль у той жа час, што і яго жонку, расказаў у сваю чаргу, што быў у кабінэце Зайцава двойчы — 31 сьнежня 2010 году і 16 студзеня 2011 году. Паводле яго, падчас сустрэч кіраўнік КДБ адкрыта пагражаў забіць жонку і сына Саньнікава. Расказваючы пра тыя гутаркі, Саньнікаў адзначае, што «зь цяжкасьцю верыў сваім вушам».

4 студзеня бэльгійскае інтэрнэт-выданне EUobserver апублікавала аўдыёзапісы размоваў аб падрыхтоўцы забойстваў грамадзян Беларусі, непажаданых уладам краіны. Журналістам іх перадаў былы супрацоўнік беларускага спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, які з 2006 году зьяўляецца палітычным уцекачом. Паводле яго, ён атрымаў файлы ад сваіх крыніц у 2012 годзе. Самі запісы, як сьцьвярджае Макар, зробленыя ў красавіку таго ж году, а галасы на іх належаць Вадзіму Зайцаву (на той момант старшыні КДБ Беларусі) і прадстаўнікам падразьдзяленьня спэцназу «Альфа».

Сярод меркаваных ахвяраў, якія абмяркоўваюцца ў размовах, — апазыцыйны беларускі журналіст Павал Шарамет, былы начальнік СІЗА № 1 Менску Алег Алкаеў, былы камандзір 5-й асобнай брыгады спэцназу Ўладзімер Барадач і былы начальнік аддзелу барацьбы з карупцыяй у органах дзяржаўнай улады пры цэнтральным апараце МУС Беларусі Вячаслаў Дудкін.

На апублікаваных запісах, як мяркуецца, кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў асобна кажа пра тое, што на апэрацыі па ліквідацыі пералічаных асоб Аляксандр Лукашэнка выдзеліў «паўтара мільёна даляраў» і што «прэзыдэнт павінен убачыць вынік». Таксама голас, падобны да Зайцава, кажа, што «Шарамету трэба зрабіць закладку» выбухоўкі, каб «ні рук, ні ног» не сабралі. Адзін з суразмоўцаў адказвае яму, што праблем з закладкай ня будзе.

Уласная карэспандэнтка «Новай газеты» Ірына Халіп адзначае, што ўсе пералічаныя на запісах асобы так ці іначай былі зьвязаныя з Шараметам: Алкаеў расказаў журналісту, «як выдаваў расстрэльны пісталет на загад тагачаснага міністра ўнутраных спраў напярэдадні бясьсьледных зьнікненьняў беларускіх апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага», а Дудкін і Барадач рэгулярна публікавалі выкрывальныя і крытычныя матэрыялы пра Лукашэнку і яго падначаленых на сайце «Беларускі партызан», створаным Шараметам.

  • Беларускі журналіст Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля, у якім ён знаходзіўся. Перад гібельлю ён некалькі гадоў жыў ва Ўкраіне, а да гэтага ў Маскве — у тым ліку ў 2012 годзе.
  • У сьнежні 2019 году ўкраінскае сьледзтва заявіла пра раскрыцьцё забойства. У злачынстве абвінавацілі некалькіх грамадзян Украіны — былых вайскоўцаў і валянтэраў, якія дапамагалі ўдзельнікам баявых дзеяньняў на ўсходзе краіны. Цяпер яны знаходзяцца пад вартай. Многія прадстаўнікі журналісцкай супольнасьці і грамадзкасьці Ўкраіны сумняваюцца ў вінаватасьці арыштаваных. Самі яны таксама не прызнаюць віны.
  • Пасьля публікацыі бэльгійскім выданьнем EUobserver аўдыёзапісаў, на якіх, як мяркуецца, былы кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў абмяркоўвае ліквідацыю Шарамета, у МУС Украіны заявілі, што яны не супярэчаць вэрсіі сьледзтва, бо абвінавачаныя ў забойстве маглі выканаць замову «неўстаноўленых асоб», нават ня ведаючы, кім яны зьяўляюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG